Паратунак ад спёкі без рызыкі. Асвод і карэспандэнт «ЛВ» праманіторылі адпачынак на пляжы ў Ляхавічах

Ліпень выпрабоўвае спякотай. Многія землякі ў пошуку паратунку спяшаюцца бліжэй да вады. Нагадаем, у Ляхавіцкім раёне дзве афіцыйныя зоны адпачынку: у горадзе – на рацэ Ведзьме і ў аздараўленчым лагеры «Чайка».

Напрыканцы мінулага тыдня старшыня раённай арганізацыі Асвода Аляксандр Шчаўроўскі і карэспандэнт «ЛВ» праманіторылі адпачынак на пляжы ў Ляхавічах.
– Канешне, першачарговая ўвага звяртаецца на бяспеку падчас купання. Купальны сезон-2024 прыносіць па некалькі ахвяр кожны тыдзень. І гэта не можа не непакоіць. Таму ўвага павінна быць пільнай і, галоўнае, пастаяннай. Вельмі важна, каб адпачывальнікі захоўвалі правілы бяспекі. Адно з іх – пастаянны кантроль за дзецьмі, – адзначае Аляксандр Шчаўроўскі.
Дарэчы, на зоне адпачынку на спецыяльных стэндах размешчана
разнастайная прафілактычная інфармацыя, у тым ліку і правілы паводзін на вадзе і каля вады, як аказаць дапамогу таму, хто тоне. Часта на пляж наведваюцца супрацоўнікі РАНС, якія вядуць размовы па правілах бяспекі з дарослымі і дзецьмі. Кантралююць грамадскі правапарадак і работнікі РАУС.
– З пачатку купальнага сезона выяўлена 8 фактаў купання ў забароненых месцах, складзена 12 пратаколаў у адносінах да тых, хто купаўся ў стане алкагольнага ап’янення. Прычым, 11 фактаў зафіксавана на пляжы на рацэ Ведзьме. Калі тэмпература паветра асабліва высокая, рэйдавыя групы міліцыі працуюць ва ўзмоцненым рэжыме, – расказвае начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук.
Яблыку няма дзе ўпасці – такая карціна была на гарадскім пляжы ў мінулую пятніцу прыкладна каля 18 гадзін. Дарэчы, на пляжы парадак. Стаіць водар свежаскошанай травы, па словах Аляксандра Шчаўроўскага, з пачатку сезона камунгас касіў пяць разоў.
– Толькі апошнім тыднем стала паціху знікаць праблема, калі непаўналетнія прыходзілі купацца без суправаджэння дарослых. У такіх выпадках дзяцей заўжды вярталі дамоў, купацца без суправаджэння дарослых катэгарычна забараняецца, – гаворыць Аляксандр Шчаўроўскі. Старшыня раённай арганізацыі Асвода нагадвае, што забараняецца заплываць за буйкі ці пераплываць вадаёмы, плаваць на надзіманых матрасах, аўтакамерах, спартыўным інвентары, падаваць ілжывыя  сігналы аб дапамозе, скакаць у ваду з абрываў, мастоў, лодак, арганізоўваць гульні на вадзе, звязаныя з ныраннем і г. д.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Сёлета на вадаёмах краіны патанулі 204 чалавекі. На жаль, дзве ахвяры вады і ў Ляхавіцкім раёне. 28 чэрвеня недалёка ад вёскі Альхоўцы ў тэхнічным вадаёме патануў жыхар Баранавічаў 1965 года нараджэння. 12 ліпеня супрацоўнікі МНС у рацэ Мышанцы каля Бярэзак знайшлі цела мужчыны 1987 года нараджэння.