Жніво пад знакам бяспекі. Супрацьпажарны рейд прайшоў на аб’ектах ААТ «Шлях новы»
Падчас уборкі збожжавых і нарыхтоўкі грубых кармоў выратавальнікі і іншыя службы традыцыйна выязджаюць у сельгаспрадпрыемствы раёна з мэтай папярэджання ўзнікнення магчымых пажараў. У спякотнае надвор’е – павышаная ўвага зернесушыльным комплексам, сховішчам, камбайнам, аўтамабілям, месцам уборкі, перапрацоўкі і захоўвання ўраджаю.
У мінулую пятніцу ў сумесны рэйд па аб’ектах ААТ «Шлях новы» адправіліся супрацоўнікі РАНС, упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама і карэспандэнт раённай газеты.
Аўтамабіль РАНС накіроўваецца ў аграгарадок Навасёлкі да навеса для захоўвання грубых кармоў. Яшчэ трохі – і тэрыторыя будзе цалкам запоўнена рулонамі сена.
На табло электроннага прыбора для вымярэння вільготнасці высвецілася 17 працэнтаў – і гэта норма для сена, – тлумачыць карэспандэнту раёнкі старшыня сельгаспрадпрыемства Андрэй Коктыш, які таксама маніторыць выкананне ў гаспадарцы нормаў і правілаў пажарнай бяспекі.
– Добра разумеем, што пралікаў у такі адказны час не павінна быць. Усе работнікі, задзейнічаныя на жніве і на нарыхтоўцы кармоў, прайшлі адпаведную падрыхтоўку. Тэхніка, зерне-сушыльна-ачышчальныя комплексы аснашчаны вогнетушыцелямі, і працаўнікі ўмеюць імі карыстацца. Дзеля папярэджання надзвычайных сітуацый замеры вільготнасці і тэмпературы грубых кармоў праводзім спачатку на этапе іх закладкі, падчас захоўвання і яшчэ 60 дзён пасля закладкі. Ад выканання правілаў і ў полі, і ў месцах перапрацоўкі і захоўвання залежыць якасць і кармавых запасаў, і ўраджаю, і іх захаванасць, – адзначае Андрэй Коктыш.
Наступны пункт прыпынку – ЗСК у Галавачах. Інжынер па працаёмкіх працэсах Аляксандр Івашка падкрэслівае, што аператары зернесушыльнага комплексу працуюць пазменна, і пастаянна ў цэнтры іх увагі якасць прадукцыі, тэмпература сушкі і іншыя паказчыкі. Аператар Андрэй Стэцко ў справе пяты сезон і добра ведае свае абавязкі. Дарэчы, разам з аператарамі КЗС нясуць дзяжурства і спецыялісты ААТ. Зараз за суткі тут перапрацоўваюць да 100 тон і болей рапсу. Малады спецыяліст – аграном Наталля Стэцко вымярае вільготнасць рапсу, прывезенага з поля. Нягледзячы на паказчыкі нормы, насенне ўсё роўна паступіць на дасушванне, а пасля будзе адпраўлена ў сховішча.
На маршруце рэйдавай групы – КЗС у Дараве. Якраз кухонны работнік Алена Крэзо даставіла аграрыям абеды. Смачная паўза – і аператар КЗС Генадзій Маеўскі зноў на сваім працоўным месцы. Працэс сушкі тут камп’ютарызаваны, рэгуляванне тэмпературы і вільготнасці насення адбываецца згодна з зададзенай праграмай. Інжынер па ахове працы Маргарыта Крайнюк, якая суправаджала «экзаменатараў», дзеліцца, што Генадзій Маеўскі і яго напарнік Мікіта Чабатар не раз за добрасумленную працу па выніках жніва адзначаліся граматамі прадпрыемства.
Інспектар РАНС Аляксей Клетаніца і загадчык сектара механізацыі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Рамуальд Сладзінскі на КЗС кантралююць, у тым ліку, своечасовую ачыстку шахтаў зернесушыльных комплексаў, вызначаныя параметры тэмпературы і вільготнасці збожжа і г. д.
У полі таксама праманіторылі камплектацыю ўборачнай тэхнікі першаснымі сродкамі пажаратушэння і іх спраўнасць, наяўнасць тэхнікі прыкрыцця, выкарыстанне іскрагасільнікаў на транспартных сродках, якасць ачысткі паверхняў рухавікоў і элементаў навяснога абсталявання ад пылу, нагару і наматанай саломы, іншае. Вадзіцель на адвозцы збожжа Анатолій Пажога дэманструе супрацоўніку РАНС вогнетушыцель і наяўнасць навучання па пажарна-тэхнічным мінімуме.
– У бяспечнай працы зацікаўлены перш за ўсё самі хлебаробы, а выратавальнікі бяруць на кантроль пытанні супрацьпажарнай бяспекі на ўсіх этапах – ад поля да сховішча, – дзеліцца Аляксей Клетаніца. Ён нагадаў аграрыям не толькі алгарытм дзеянняў пры ўзгаранні, правілы карыстання першаснымі сродкамі пажаратушэння, але і правілы бяспечных паводзін на вадаёмах і ў лесе.
Рэйд паказаў, што супрацьпажарныя нормы і правілы ў ААТ «Шлях новы» выконваюцца. Высока ацэнена і працаздольнасць тэхнікі, прыстасаванай для тушэння пажару, якая дзяжурыць у месцах уборкі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.