Тысяча, тысяча і яшчэ раз тысяча…

Гэты тыдзень для раёна пачаўся з прыемнасцяў, памножаных
на патроены гонар за тых, хто зараз у жніўным полі. Тысячны адлік у гісторыі сёлетняга жніва пачынаюць ЗАТ «Фораланд», ААТ «Жарабковічы» і СУП «Белазем’е»

БОЛЬШ ФОТА ТУТ  
і ТУТ

Адрас сёлетняга першага тысячнага экіпажа ў раённых жніўных рэкордах загучаў упершыню, аднак тутэйшыя рупліўцы з году ў год дэманструюць добры вынік, а гаспадарка славіцца шыкоўнымі тэхнічнымі магчымасцямі. Урадлівыя рапсавыя палеткі ЗАТ «Фораланд» сталі віншавальным прыпынкам для экіпажа Валчэцкіх. Пакуль экіпаж завяршае жніўны круг, віншавальная брыгада рыхтуецца дзякаваць хлебаробам за працу.


Родныя браты Віктар і Павел Валчэцкія першымі ў раёне намалацілі тысячу тон збожжа. Тым самым зарабілі залатую зорачку на свой збожжаўборачны камбайн Claas Lexion 770.
– Проста працавалі, у звыклым тэмпе, ашчадна і старанна. Так і прыйшлі да чаканай тысячы. Прыемна, канешне, прымаць віншаванні. Галоўнае – і далей ісці такім курсам, – адзначае Віктар Валчэцкі.
І хоць браты ў пазажніўным жыцці не аграрыі, прызнаюцца, што без гэтага беларускага золата летам ніяк. Можна бясконца глядзець на жніўныя прасторы, што адкрываюцца з кабіны камбайна, ды і гул тэхнікі гучыць неяк па-роднаму. Самі з Баранавіцкага раёна, а да Ляхавіччыны прыкіпелі душой, пяць гадоў як «Фораланд» прымае на жніўную працу братоў Валчэцкіх. А калі падлічыць увогуле іх жніўныя сезоны, на дваіх атрымаецца больш за паўсотні.
Як паведамілі ва ўпраўленні райсельгасхарчу, з двух адрасоў з розніцай у паўгадзіны прагучалі пераможныя словы: «У нас тысяча!». Менавіта механізатары «Жарабковічаў» і «Белазем’я» першымі перавезлі жаданыя тысячы тон у засекі сваіх гаспадарак.
Для «Жарабковіч» трымаць уборачнае першынство, лічы, традыцыя. Мінулагоднюю пераможную традыцыю сёлета працягнуў вадзіцель Аляксандр Сокал. Уборачная-2024 атрымала імя першага тысячніка, які ў разгар працоўнага дня прымаў шмат цёплых слоў прызнання і віншаванняў.
– Дзякуй за працу. Кожны дзень вы працуеце для беларусаў і Беларусі. Гонар паціскаць руку сапраўдным героям сённяшняга часу, хто ў полі стварае гісторыю рэкордаў. Няхай не падводзіць ні здароўе, ні тэхніка, – гучалі віншаванні ад старшыні райвыканкама Мікалая Мароза.
Падарункі ад райвыканкама, райсельгасхарчу і прафсаюза, і, канешне, ад гаспадаркі, дзе кожны год куюцца жніўныя перамогі.
Выхапіць пару хвілін увагі тысячніка Аляксандра
Сокала атрымалася і ў «ЛВ». Шчаслівы чалавек, і ў гэтым прызнаецца. І хоць разгублены ад такой увагі і віншаванняў, усё ж адзначае: рады, што «Жарабковічы», як заўжды, гучаць. А з такім настроем можна і да трох тысяч дайсці. Ва ўсякім выпадку, такую планку паставіў сабе Аляксандр Сокал. Сімвалічны момант – наклейка з першай тысячай упрыгожвае цяпер яго «МАЗ», на якім перавёз пераможныя тоны азімага ячменю і рапсу.
Тысяча перавезенага жніўнага шчасця і ў «Белазем’я». Сапраўды чаканая і вельмі прыемная. Няхай стане для прадпрыемства добрым пачаткам уборачнай і натхніць не на адзін пераможны радок у жніўнай дошцы гонару. З героем «белазем’еўскай» тысячы «ЛВ» знаёмы добра. Не за гарамі і 30-ы спякотны сезон Аляксандра Маляра на жніве: быў у ролі і камбайнера, і вадзіцеля. Нязменным застаецца адказнае стаўленне да справы. Прызнаецца, што такая перамога патрэбна гаспадарцы, хлебаробы «Белазем’я» зробяць усё дзеля вагі раённага караваю. А яшчэ чаканую тысячу вадзіцель прысвячае свайму маленькаму сыну Мікіту.
– Прыемна, што ў лідарах уборачнай-2024 СУП «Белазем’е». Няхай гэта прыемная прыступка будзе толькі пачаткам. Дзякуй за тое, што робіце наша заўтра ўпэўненым, – павіншаваў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
У полі ёсць месца і добрай беларускай песні, у ёй спляліся самыя цёплыя пажаданні нашым працавітым людзям. Народны ансамбль народнай песні «Крыніца» ў імгненне ператварыў поле ў імправізаваную пляцоўку і музычна павіншаваў хлебаробаў.
На раніцу 16 ліпеня 61 працэнт рапсавых раённых плошчаў ужо ўбраны. Сярэдняя ўраджайнасць – 42,4 цэнтнера з гектара. Лепшую ўраджайнасць дэманструюць ААТ «Жарабковічы» і «Шлях новы» – 48,9 і 47 цэнтнераў з гектара адпаведна.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.