Баранавічанін знаходзіўся за рулём аўтамабіля, не маючы права на кіраванне, на аўтастанцыі ў Ляхавічах у пасажыра зніклі пакеты з прадуктамі, судзімы ляхавічанін адабраў у сабутэльніка грошы…
Беспраўнік
РАСК узбудзіў крымінальную справу ў адносінах баранавічаніна 1982 г. н., які знаходзіўся за рулём аўтамабіля, не маючы права на кіраванне. Прычым, раней ён ужо неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за такое парушэнне.
Справа накіравана ў суд. На транспартны сродак накладзены арышт. Вадзіцелю пагражае пакаранне ад штрафу да абмежавання волі да двух гадоў.
Паквапіўся на чужое
На аўтастанцыі ў Ляхавічах невядомая асоба выкрала пакеты з прадуктамі і рэчамі пасажыра на агульную суму больш за 140 рублёў. Устаноўлена, што злачынства ўчыніў неаднаразова судзімы за крадзеж жыхар раёна 1960 г. н. Ён змяшчаны пад варту. Праводзіцца расследаванне.
З гаспадарчай пабудовы дачнага дома знікла бензакаса. У выніку пошукавых мерапрыемстваў асоба, якая ўчыніла крадзеж, устаноўлена і затрымана. Узбуджана крымінальная справа па ч.1 артыкула 205 Крымінальнага кодэкса. РАСК праводзіць расследаванне. Выкрадзенае канфіскавана.
Райаддзел СК узбудзіў крымінальную справу ў адносінах неаднаразова судзімага ляхавічаніна 1984 г. н., які пасля сумеснага распіцця спіртных напіткаў адабраў у свайго сабутэльніка больш за 460 рублёў. Аматар чужых грошай змешчаны пад варту, праводзіцца расследаванне.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік РАСК.