Пад гіпнозам? Зламыснікі развялі жыхара Ляхавіцкага раёна больш на 20 тысяч рублёў

Фото https://pixabay.com/ru/


Ляхавічанцы 1968 г. н. патэлефанавалі быццам з банка і паведамілі, што на яе імя аформлены крэдыт у памеры 5 000 долараў ЗША. Па словах “супрацоўнікаў банка”, каб вызваліць яе ад падаткаў за гэты крэдыт, трэба перавесці грошы на названы карт-рахунак. Невядома, чым кіравалася наша зямлячка, але ў выніку са зламыснікамі яна падзялілася сумай у памеры 2 500 рублёў.

Жыхарцы Баранавічаў 2003 г. н. у месанджары патэлефанавалі ад імя сяброўкі (голас быў вельмі падобны), якая папрасіла пазычыць 300 рублёў. Грошы баранавічанка перавяла. Калі ж “сяброўка” патэлефанавала другі раз, то баранавічанка вырашыла ўдакладніць сітуацыю і набрала яе нумар на мабільным тэлефоне. Аказалася, што тая ніякіх грошай не прасіла, а ў яе ўзламалі акаўнт.

Жыхару раёна 1965 г. н. на працягу тыдня паступалі тэлефанаванні ў месанджары з прапановай анулявання несанкцыянавана аформленага на яго крэдыту і дэкларавання ўсіх сродкаў, якія ён мае. Мужчына настолькі паверыў “добразычліўцам”, што нават не звярнуўся ў банк, каб высветліць, ці сапраўды на яго аформлены крэдыт. Каб выканаць усе прапановы зламыснікаў, мужчына да ўласных грашовых сродкаў узяў яшчэ і крэдыт і ў выніку пазбавіўся сумы больш за 21 тысячу рублёў.

Для атрымання грошай тэлефонныя злачынцы выкарыстоўваюць розныя спосабы. Сярод іх і імітацыі голасу ці апрацоўка фатаграфіі тых, ад імя каго яны тэлефануюць.Для ўдакладнення інфармацыі трэба перазваніць свайму знаёмаму на дамашні ці мабільны тэлефон.
Варта ведаць, што сапраўдныя супрацоўнікі банка ніколі не запытваюць канфідэнцыяльную інфармацыю, такую як PIN-код, нумары карт і іншае. Зламыснікі імкнуцца прымусіць сваю патэнцыйную ахвяру дзейнічаць хутка, каб не было часу абдумаць сітуацыю ці з кімсьці параіцца. Яны могуць сказаць, што банкаўскі рахунак атакуюць, ці што чалавек выйграў у латарэю, але каб атрымаць выйгрыш, трэба заплаціць камісію. У такіх выпадках трэба адразу спыніць размову. Правільна будзе патэлефанаваць у арганізацыю, ад імя якой тэлефануюць, ці ў банк і ўдакладніць інфармацыю.
Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ,
начальнік РАСК.