Непрыемнасці прыляцелі. Стыхія на Ляхавіччыне разбушавалася не на жарт

У другой палове суботняга дня спякота змянілася ўраганным ветрам, навальніцай і дажджом. Стыхія разбушавалася не на жарт. А праз некалькі мінут сацыяльныя сеткі запаланілі фота і відэа непагадзі, наступствамі якой дзяліліся землякі.

На Ляхавіччыне асабліва пацярпела ААТ «Жарабковічы». Інжынер РАНС Дзмітрый Новік расказаў, што з сельскагаспадарчых аб’ектаў гаспадаркі (кароўнікаў, зернескладоў і іншых пабудоў) вецер сарваў больш як тысячу лістоў шыферу. Усяго, па інфармацыі РАНС, па Ляхавіцкім раёне пашкоджана 15 будынкаў, з якіх 12 – сельскагаспадарчага прызначэння, тры жылыя дамы (у Сваятычах, Валасачах, Ляхавічах).
Галоўны інжынер раёна электрасетак Сяргей Фінюцін паведаміў, што 13 і 14 ліпеня перабоі з электразабеспячэннем назіраліся ў 10 населеных пунктах раёна. Найбольшая колькасць адрасоў, дзе адсутнічала электрычнасць, зарэгістравана ў Сваятычах, Улазавічах, Трабавічах, Валасачах. Як высветлілася, шэсць аварыйных сітуацый было звязана з абрывамі электраправадоў, столькі ж з пашкоджаннем нізкавольтных апор. На ліквідацыі былі задзейнічаны 17 работнікаў РЭС і сем адзінак тэхнікі, з якіх – чатыры аўтавышкі. На 18 гадзін 14 ліпеня электразабеспячэнне па ўсіх адрасах было адноўлена.
У аўральным рэжыме разбіралі сюрпрызы надвор’я камунальнікі. Дырэктар КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Андрэй Чайкоўскі паведаміў, што моцны вецер у прамым сэнсе сарваў дах з пляцоўкі па зборы камунальных адходаў па завулку Фестывальным у райцэнтры, а таксама разбурыў кантэйнерную пляцоўку на зоне адпачынку на рацэ Ведзьме, таксама ў парку каля пляжа павалены дрэвы, на многіх дрэвах абламаны галіны. Паваленае дрэва на гарадской вуліцы Чкалава разваліла гаспадарчую пабудову, а на вуліцы Южакова – пашкодзіла два аўтамабілі.
Паваленыя дрэвы, раскіданыя галіны, пашкоджаныя дахі – такую карціну можна назіраць і на іншых тэрыторыях і аб’ектах, якія ў зоне адказнасці камунгаса.
Давялося папрацаваць на ліквідацыі наступстваў стыхіі і работнікам лясгаса. Па словах намесніка дырэктара лясгаса Наталлі Адаменка, работнікі Навасёлкаўскага лясніцтва распілоўвалі дрэвы, якія ветрам паваліла на праезную частку. Дапамагалі расчысціць дарогу ў бок Русінавічаў работнікі Ляхавіцкага лясніцтва.
Галіна КАНЬКО.