Моладзь – за ўраджай! Адзін за адным гучаць тысячныя рэкорды ляхавіцкага жніва
Адзін за адным гучаць тысячныя рэкорды ляхавіцкага жніва. Вось на перадавую выходзяць і маладыя імёны.
У аўторак «пераможная» зорачка з’явілася на кабіне МАЗа вадзіцеля Рамана Турко з ААТ «Жарабковічы». Віншуем першага маладога вадзіцеля на жніве, які перавёз тысячу тон збожжа!
Віншаванні разгарнуліся ў полі. Некалькі хвілін адпачынку ператварыліся ў мора пажаданняў і слоў падзякі за працу. Прыемна, што да раённых віншаванняў далучыўся старшыня Брэсцкай абласной прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандр Саланевіч.
– Моладзь заўжды паказвае клас на жніве! Шчыруе побач з вопытнымі калегамі, вучыцца і ідзе на рэкорд, – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай
гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
Для Рамана Турко такое першынство, лічы, заканамернасць. Пачынаючы з 2022-га, зорачкі на шчаслівым МАЗе прымнажаюцца.
Праз дзень ізноў «Жарабковічы» запрасілі на маладзёжныя ўшанаванні. На гэты раз першая «тысячная»
перамога з’явілася ў маладзёжнага экіпажа ў складзе Ігара Васілевіча і Ягора Тарабаша. У мінулым годзе, прызнаюцца камбайнеры, крыху не хапіла да запаветнай тысячы. Разам працуюць другі жніўны сезон, але, здаецца, усё жыццё разам працавалі.
– Такая моладзь паказвае прыклад руплівасці, неабыякавасці, адказнасці. Калі моладзь задае тон на жніве, толькі радуе. Такая змена – наша ўпэўненасць у заўтрашнім дні гаспадаркі. Няхай нічога не падвядзе на шляху да новых рэкордаў: ні тэхніка, ні адчуванне партнёрскага пляча, ні здароўе, – павіншаваў старшыня ААТ «Жарабковічы» Андрэй Новік.
Падарункі і віншаванні ад раённага галіновага прафсаюза перадала механізатарам яго старшыня Ірына Чура.
У рамках рэспубліканскага праекта «Моладзь – за ўраджай!» райкам БРСМ заўжды на полі – падтрымлівае сваіх актывістаў, віншуе з важкім тысячным рубяжом.
У ваш гонар гучыць беларуская песня ад народнага ансамбля народнай песні «Крыніца»!
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.