Небяспека пад парасонам. Небяспечная расліна аблюбавала і некаторыя месцы на Ляхавіччыне
Многія ведаюць, якую шкоду могуць нанесці баршчэўнік Сасноўскага ці залатарнік канадскі. Так, пры блізкім кантакце з баршчэўнікам можна атрымаць моцныя апёкі цела. А залатарнік агрэсіўна захоплівае тэрыторыі, не пакідаючы шанцаў іншым раслінам.
Але, напэўна, для большасці будзе навіной, што такая расліна як пастарнак лугавы таксама тоіць у сабе небяспеку. Пастарнак лугавы мае яшчэ адну назву – морква белая. Расліна вырастае ў вышыню да паўтара метраў і больш. Яе лёгка пазнаць па вялікіх парасонах, што нагадваюць парасоны кропу, тоўстым сцябле і разных лістах. Расце на сонечных участках пашы, пустак, берагах вадаёмаў.
Расліна аблюбавала і некаторыя месцы на Ляхавіччыне. У прыватнасці, заўважаны пастарнак лугавы на вуліцы Арлоўскага ў райцэнтры, каля тэрыторыі бальніцы, на тэрыторыі дачных кааператываў, у Альхоўцах і іншых месцах. Наогул, пастарнак утрымлівае вялікую колькасць вітамінаў, мінеральных рэчываў, эфірнага алею, таму ўжываецца ў кулінарыі.
Разам з тым, пастарнак лугавы – даволі каварная расліна.
Яе сок і пылок утрымліваюць рэчывы, якія павышаюць адчувальнасць скуры да сонечнага святла (чым вельмі падобна да таго ж баршчэўніку Сасноўскага). Калі сок пастарнака лугавога трапіць на скуру, а потым на сонца – з’явяцца апёкі. Пасля дотыку да гэтага дзікароса ў чалавека на целе можа ўзнікнуць сып, валдыры, плямы і нават язвы, якія захоўваюцца на працягу сутак пасля кантакту, а сляды такіх пашкоджанняў могуць нагадваць пра небяспечную сустрэчу яшчэ доўга. Найбольшую небяспеку пастарнак лугавы прадстаўляе ў перыяд, калі пачынае цвісці – у ліпені – жніўні.
Галіна КАНЬКО.