Кучаравая справа для студатрада. ў ААТ «Жарабковічы» пачаў працу студатрад з ліку научэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа
З панядзелка ў ААТ «Жарабковічы» пачаў працу студатрад «Адрэналін» імя Івана Раганава. У яго склад увайшлі 12 навучэнцаў аграрнага каледжа, якія выконваюць падсобныя работы на авечкагадоўчай ферме «Канюхі». Гэта ўнікальная магчымасць і добры вопыт для юнакоў і дзяўчат, каб папрактыкавацца працаваць з жывёламі, а таксама зарабіць свае ўласныя грошы. Прадпрыемства прыняло рабят як паўнацэнных працаўнікоў: у іх – пяцідзёнка.
– Вельмі ўдзячна студатрадаўцам за іх спагадлівасць і ініцыятыву, бо іх дапамога вельмі патрэбная і дарэчная, асабліва зараз, у сезон стрыжкі. Наша гаспадарка забяспечвае навучэнцаў бясплатнымі смачнымі абедамі. Клапоціцца пра падвоз іх да інтэрната і на працу. «Жарабковічы» забяспечваюць камфорт сваіх, магчыма, будучых працаўнікоў, – адзначыла начальнік фермы Таццяна Касмовіч.
Спачатку студатрадаўцы сартуюць авечак, выбракоў-
ваюць іх, потым займаюцца стрыжкай, абразаннем капытоў, чысткай воўны, прасаваннем і закручваннем рулонаў. Усяго на ферме знаходзіцца больш за 800 авечак, каля 140 бараноў і 586 галоў рамонтнага маладняку. Кожны дзень воўну скідваюць каля паўсотні авечак. А гэта прыкладна 200 кілаграмаў ці тры рулоны. Для авечкі стрыжка – прыемная працэдура, бо жывёла пазбаўляецца ад воўны, якая важыць каля трох-трох з паловай кілаграмаў.
Няхай гэта і нялёгкая праца, але навучэнцам падабаецца тое, чым яны займаюцца. Гэта, акрамя іншага, магчымасць рэалізаваць свае мары, напрыклад, пачаць адкладаць на нейкую важную пакупку, набыць падарунак блізкаму чалавеку.
– Я займаюся цікавай справай, мне падабаецца. Вядома, часам бывае цяжка, асабліва ў першыя дні, калі нас толькі вучылі. Калі вы захоплены сваёй працай, яна не здаецца цяжкай. А для нас, будучых
заатэхнікаў, гэта выдатная практыка, – падзялілася стараста студатрада Анастасія Кушану.
P. S. Дзякуючы гэтаму рэдакцыйнаму заданню, я даведалася, што
першым старшынёй калгаса «Дружба» (так калісьці называлася гас-
падарка ў Канюхах) быў мой прадзед Дыдышка Аляксандр Іванавіч. Таму я змагла з гонарам прайсціся па тых месцах, дзе калісьці працаваў мой прадзед.
Аліна ГЕМВАРОЎСКАЯ, студэнтка факультэта журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.