Лён, які не стане льновалакном. Непагадзь, што прайшлася па Ляхавіччыне, закранула і палі з сельскагаспадарчымі культурамі

Як паведамілі ва ўпраўленні па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама, непагадзь, што прайшлася па тэрыторыі Ляхавіччыны 13-14 ліпеня, лакальна закранула і палі з сельскагаспадарчымі культурамі.

Рознай ступені пашкоджанні атрымалі як збожжавыя, так і палеткі, на якіх вырошчваўся, а калі быць дакладным, быў ужо вырашчаны лён. На шчасце і не ў прыклад Гомельшчыне, ды і асобным раёнам Брэсцкай вобласці, у дачыненні да нашага раёна прыродная стыхія аказала непараўнальна меншае ўздзеянне.
Як растлумачыў галоўны спецыяліст райсельгасхарчу Ігар Яварчук,
з уборкай палеглых участкаў неабходна паспяшацца, скамбайнаваць
ці выцерабіць у першую чаргу. Каб не дапусціць, у тым ліку, падгону
пустазелля, з якога «дастаць» культурную расліну з’яўляецца складаным. А вось да 36 гектараў ільну, які на той момант ужо быў выцераблены, моцныя парывы ветру не пакінулі ніякай надзеі на ўраджай. Стужкі льну былі максімальна заблытаны, пакручаны-перакручаны, сабраны ў вялікія і не вельмі бясформенныя кучы.
Гэтыя 36 гектараў складаюць частку 66-гектарнага поля, якое размешчана ва ўрочышчы «Каменка» і з’яўляецца аб’ектам гаспадарання філіяла «Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя» КУП «Брэстільнонасенне». Па выніках камісійнага абследавання названая плошча льну-даўгунцу была прызнана пашкоджанай і не падлягае ўборцы ні на насенне, ні на льнотрасту.
Адзначаецца, што агратэхнічныя нормы вырошчвання расліны выконваліся. А нанесены стыхіяй урон у натуральным выражэнні папярэдне складае 126 тон трасты і амаль 22 тоны льнонасення.
Іван КАВАЛЕНКА.