Медаль за распрацоўку. Машыніст машын па здабычы і перапрацоўцы фрэзернага торфу ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» ўзнагароджаны медалём «За працоўныя заслугі»

Наш зямляк Генадзій Гутырчык удастоены высокай дзяржаўнай узнагароды – яму ўручаны медаль «За працоўныя заслугі»

Напярэдадні Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь на ўсю краіну ганарова прагучала прозвішча нашага земляка. Прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка па даручэнні Прэзідэнта ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды прадстаўнікам розных сфер. Сярод сапраўдных прафесіяналаў, чыя праца, адданасць справе адзначаны дзяржавай, – і машыніст машын па здабычы і перапрацоўцы фрэзернага торфу ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Генадзій Гутырчык.
Ва ўрачыстай абстаноўцы Генадзію Гутырчыку ўручаны медаль «За працоўныя заслугі».

– Вельмі хваляваўся, узрушана, натхнёна. Вакол столькі заслужаных людзей! А якая святочная атмасфера панавала ў Палацы Незалежнасці! Удзячны завадчанам, якія мяне падтрымлівалі. Расчуліла, якую цудоўную сустрэчу арганізавалі мне ў Тухавічах, так шчымліва і радасна было, пачуў нямала цёплых слоў. Асаблівая падзяка дырэктару торфабрыкетнага завода Уладзіміру Паўлавічу Гунько за давер. Хочацца працаваць з яшчэ большым энтузіязмам і энергіяй, каб не падвесці землякоў, – дзеліцца ўражаннямі Генадзій Гутырчык.
Здабыча торфу – справа для сапраўдных мужчын – дужых, працавітых, здольных пры любых умовах надвор’я выконваць пастаўленыя задачы. Генадзій Гутырчык падчас нарыхтоўчай кампаніі з года ў год перавыконвае норму ў разы, упэўнена займае лідзіруючыя пазіцыі сярод калег па цэху ў краіне ў рэспубліканскім прафесійным спаборніцтве, неаднойчы станавіўся пераможцам рэспубліканскага конкурсу «Лепшы па прафесіі» сярод машыністаў торфаздабываючых машын.


Крыху лічбаў: за апошнія тры гады Генадзій Гутырчык здабыў амаль 310 тысяч тон торфу – 235 працэнтаў ад сезонных планаў. Самым ураджайным стаў 2022 год, калі машыніст Гутырчык атрымаў вынік
у 141 тысячу тон торфу – 302,6 працэнта да плану.
– Толькі лепшых слоў прызнання за сваю добрасумленную працу заслугоўвае Генадзій Раманавіч Гутырчык. Ініцыятыўны, мэтанакіраваны, прынцыповы – такі ён на рабоце.
А ў дачыненні да людзей – добразычлівы, уважлівы. Таму і карыстаецца заслужанай павагай у калектыве, – адзначае дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
Генадзій Гутырчык на тарфяных палях паказвае сапраўдны майстар-клас, віртуёзна кіруе магутнай спецыялізаванай тэхнікай.
– Калі надвор’е дазваляе, то за дзень можна набудаваць да 12 «гор» вышынёй да 8-9 метраў. І гэта заслуга ўсяго нашага калектыву па здабычы торфу – тых, хто ўбірае будучае паліва, фрэзіруе і г. д. Галоўнае – зладжанасць і каб надвор’е не прыносіла нечаканых сюрпрызаў. Вось, напрыклад, сёлета ўборку пачалі ў маі, да гэтага часу сумарна працавалі ўсяго некалькі тыдняў менавіта з-за неспрыяльнага надвор’я. Але, нічога, сваё яшчэ нагонім, – раскрывае спецыфіку работы машыніст з 15-гадовым стажам, адзін з трох такіх спецыялістаў на заводзе.
І званне лепшага пацвярджаецца і сёлета. Генадзій Гутырчык – адзін з лідараў нарыхтоўкі-2024.
Па ўзросце Генадзій Гутырчык – пенсіянер са стажам. Але ў свае 67 гадоў па-ранейшаму прадаўжае паспяхова працаваць на даволі адказным участку работы на прадпрыемстве. Ён яшчэ і настаўнік для моладзі, якая прыходзіць працаваць на прадпрыемства. А яшчэ з’яўляецца грамадскім інспектарам па ахове працы.
Ёсць у заслужанага торфаздабытчыка сакрэт паспяховай працы.
– Мой вадзіцельскі стаж – больш за чатыры дзясяцігоддзі. І ў якой бы сферы не працаваў, ведаю адно: любую работу трэба рабіць адказна, з радасцю і задавальненнем, якасна. Толькі тады яна будзе плённай. Гэтаму вучылі мяне, такі ж вопыт перадаю і сваім маладым калегам, – гаворыць Генадзій Гутырчык.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧ.