Аб’яўлены аграрны прыём. Прыёмная кампанія стартавала і ў Ляхавіцкім аграрным каледжы
У мінулую суботу, 20 ліпеня, установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі пачалі прыём дакументаў. Прыёмная кампанія стартавала і ў Ляхавіцкім аграрным каледжы.
Установа адукацыі запрашае абітурыентаў на аснове базавай адукацыі на запатрабаваныя спецыяльнасці: «вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання» і «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання» з прысваеннем кваліфікацыі «тэхнік-тэхнолаг», а таксама «ветэрынарная медыцына» з кваліфікацыяй «фельчар ветэрынарнай медыцыны». Набор адкрыты для 129 выпускнікоў дзявятых класаў, прычым на вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання мецца толькі 25 месцаў, расказала «ЛВ» адказны
сакратар прыёмнай камісіі Ірына Дубікоўская. Тым, хто скончыў адзінаццаць класаў, каледж прапануе паступіць на спецыяльнасць «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання», дзе тэрмін навучання складае два гады шэсць месяцаў.
Па стане на 18 гадзін 22 ліпеня дакументы падалі 35 абітурыентаў. Папулярнасцю, як і раней, карыстаецца «ветэрынарная медыцына», якую за пару дзён выбралі 14 чалавек. Сярэдні бал атэстата аб заканчэнні навучальнай установы вар’іруецца ад 4 да 8,7 бала. Залічэнне адбываецца без уступных выпрабаванняў
па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі.
У Ляхавіцкі аграрны каледж, як і ў іншыя гады, сёлета паступаюць у асноўным абітурыенты з Брэстчыны і Мінскай вобласці. Па-ранейшаму ў лідарах Баранавіцкі раён і Баранавічы.
Пасля заканчэння дзевяці класаў падаць дакументы на бюджэт можна па 3 жніўня, пасля адзінаццаці – па 6 жніўня. Прыёмная камісія працуе з панядзелка па суботу з 9 да 18 гадзін без перапынку на абед. Інфармацыя аб ходзе ўступнай кампаніі змешчана на сайце ўстановы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.