Час усюды касіць!
Адзін са складнікаў летняга парадку – падкошаныя тэрыторыі прадпрыемстваў і арганізацый.
Наогул, пытаннямі навядзення парадку неабходна займацца на пастаяннай аснове. Як гэта робяць, напрыклад, раён газазабеспячэння, раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях,
ТАА «ТМТ», «Рамтранстрак»,прадпрыемства меліярацыйных сістэм, ПМК-13, ТАА «Ляхавічыдрэўэкспарт». У пацвярджэнне – убачанае падчас чарговага сумеснага рэйду з удзелам прадстаўнікоў аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ, аддзела землеўпарадкавання райвыканкама, карэспандэнта «ЛВ». У зоне ўвагі – прамысловая зона: вуліцы Арлоўскага, Працоўная, Вакзальная.
Пара касіць, прычым, неадкладна, як і прыбіраць – гэта ўжо другі полюс, прыклад неўладкаванасці. Размова ідзе пра льнонасенстанцыю, ДРБУ-200, СУП «Белазем’е».
– Кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый ведаюць, што павінна абкошвацца як унутраная тэрыторыя, так і па іншых баках зямельнага ўчастка ад яго мяжы – палова разрыву да мяжы іншага ўчастка. Ведаюць, але не ўсе выконваюць. За што і атрымліваюць прадпісанні, – адзначае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Адзнаку «добра» падчас рэйду паставілі прадпрыемствам рознай формы ўласнасці, якія знаходзяцца на вуліцы Працоўнай, праўда, за невялікім выключэннем. Тэрыторыя ТАА «Ібіра» пакінула толькі станоўчыя ўражанні: чыста, усё акуратна складзіравана, уладкавана новай дарожнай пліткай, наваколле ўпрыгожваюць клумбы. Напрошвалася адзнака «выдатна». Але толькі праехалі ўздоўж тэрыторыі, як наткнуліся на доўгую палоску пустазелля, якое ўжо вырасла па пояс дарослага чалавека. Паабапал агароджы, частка якой
павалена, раскіданыя старыя сухія галіны дрэў, смецце. Аналагічная сітуацыя і на самой тэрыторыі прыватных арганізацый – карціна безгаспадарчасці ад ЗАТ «Прамінвест», фермерскай гаспадаркі «Ліпск-агра». Ды і на землях агульнага карыстання да парадку яшчэ далёка.
Далей на маршруце – вуліца Вакзальная. У рэйдавай групы не ўзнікла пытанняў да тэрыторый, дзе размешчаны склады кансервавага завода, ПГВУП «Цвірко і К», чыгуначнага вакзала – парадак, трава падкошана. Супрацьлеглая сітуацыя ў некаторых суседзяў.
Вымахала пустазелле ў рост чалавека, параскідана смецце, сухое галлё – такі пейзаж зноў сустракае каля будынкаў райпо насупраць чыгуначнага вакзала.
– У мінулым годзе пасля шматлікіх прадпісанняў быў наведзены пэўны парадак на тэрыторыях, якія знаходзяцца ў зоне адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» і ТАА «ЮстаПласт»: спілаваны старыя дрэвы, высечаны хмызняк, павыграбана лісце, сухое галлё. Але сёлета беспарадак вярнуўся зноў: пустазелле пайшло ў рост, смецце параскідана па ўсёй тэрыторыі былога гандлёвага цэнтра па Вакзальнай. Зноў трэба брацца за работу, – падкрэсліла Марына Завадская.
Працяг у рэйдаў абавязкова будзе.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.