Уладары стыхій. Дзень пажарнай службы адзначаюць ветэраны і калектыў Ляхавіцкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях

Прафесійнае свята – Дзень пажарнай службы – 25 ліпеня адзначаць ветэраны і калектыў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Адметнымі рысамі пажарных учора і сёння застаюцца мужнасць і адвага, хуткае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі, гатоўнасць у любых умовах і ў любы час сутак уступіць у барацьбу з вогненнай ці воднай стыхіямі.

«Увага, трывога!» – гучыць сігнал і падраздзяленне РАНС спяшаецца на выезд. На гэты раз трывога не пажарная – водная. Тоне чалавек! Па адрасе SOS менш чым за мінуту пасля выкліку імчаць дзве спецмашыны. Яны накіроўваюцца на раку Ведзьму ў Ляхавічах – менавіта там група выратавання на вадзе раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях правядзе трэніровачныя вучэнні.

На гадзінніку дзясятая гадзіна раніцы, і пляж афіцыйнай зоны адпачынку пакуль пустынны. На чале трэніровачнага працэсу – камандзір групы выратавання на вадзе начальнік дзяжурнай змены ПАВЧ № 1 Андрэй Івановіч – супрацоўнік з 23-гадовым стажам, у службовай біяграфіі якога нямала вострасюжэтных выпадкаў, дзе патрабаваўся яго прафесіяналізм. У распараджэнні групы камплект выратавальнага абсталявання – гідракасцюмы спецыяльнага тыпу, выратавальны канец Аляксандрава, выратавальная дошка і іншае. Але ж галоўная зброя – майстэрства і аператыўнасць байцоў.
Зладжана і ўпэўнена дзейнічаюць начальнік ПАВП № 14
Іван Негарожын і старшы інструктар-выратавальнік ПАВЧ № 1 Руслан Бурак. Спуск выратавальнай дошкі на ваду ў іх заняў літаральна некалькі хвілін. І хоць яны не напарнікі, але ў вадзе – адзіная каманда. Здаецца, для іх не мае розніцы, дзе аказваць дапамогу людзям – на сушы ці ў вадзе, іх дзеянні адпрацаваны да аўтаматызму. На беразе з выратавальным кругам на гэты раз страхуе старшы інструктар-выратавальнік Вадзім Дыдышка. Як толькі «пацярпелы» аказваецца ў руках спецоў, з берагу за страховачны трос іх выцягвае майстар-выратавальнік ПАВЧ № 1 Арцём Шклянік.
– Практыкі шмат не бывае. Некалькі разоў на месяц, незалежна ад сезона, група выратавання на вадзе праводзіць трэніровачныя заняткі, падчас якіх нашы супрацоўнікі абменьваюцца, «шліфуюць» тэарэтычныя веды і практычныя навыкі па выцягванні з вады чалавека, які тоне, аказанні першай медыцынскай дапамогі пры ўтапленні і г. д. Канешне, абмяркоўваюць складанасці, якія могуць паўстаць у працэсе выратавання, звяртаюць пільную ўвагу на выкананне патрабаванняў аховы працы і правілаў асабістай бяспекі, – падкрэслівае начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Спектр задач у выратавальнікаў даволі шырокі – ад ліквідацыі пажараў да ўхілення наступстваў тэхнагенных катастроф. У спякотнае надвор’е кожныя выхадныя падраздзяленні РАНС дзяжураць на афіцыйных зонах адпачынку, праводзяць рэйды па месцах, забароненых для купання, і цярпліва тлумачаць насельніцтву наступствы грэбавання правіламі бяспекі.
У складзе ляхавіцкай групы выратавання на вадзе 11 чалавек, якія дапушчаны да выратавальных і аварыйна-выратавальных работ на вадзе і лёдзе. Кожны з іх прайшоў навучанне па праграме падрыхтоўкі выратавальніка-плыўца на базе рэспубліканскага атрада спецыяльнага прызначэння «ЗУБР» МНС Рэспублікі Беларусь і здаў адпаведныя нарматывы. А патрабаванні да гэтых супрацоўнікаў даволі высокія.
– Выратавальнікі-плыўцы – своеасаблівая каста сярод пажарных, і яны ёсць у кожнай змене РАНС. Прафесійнае майстэрства байцы пастаянна ўдасканальваюць падчас разнастайных трэніровак і вучэнняў. У жніўні адправяцца на вадалазны палігон адточваць практыку на Цнянскім вадасховішчы Арцём Шклянік і Мікіта Шклянік, – адзначае намеснік начальніка РАНС Дзмітрый Берташ і дадае, што выратавальнік-пажарны – гэта, так сказаць, першая прыступка ў прафесіянальнай лесвіцы байцоў пажарных падраздзяленняў, пасля ідзе майстар-выратавальнік і вышэйшая прыступка – старшы інструктар-выратавальнік.
У калектыве Ляхавіцкага РАНС 62 чалавекі, з якіх больш за паўсотню заступаюць на дзяжурства і прымаюць удзел у тушэнні пажараў і выратаванні людзей на сушы і вадзе. Яны ўмеюць прымаць правільныя рашэнні, беспамылкова і аператыўна ацэньваць сітуацыю, валодаюць камплектам ведаў і ўменняў. Добра ведаюць цану чалавечага жыцця і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу. І нават тады, калі, напрыклад, пчаліны рой дэсантаваўся ў цэнтры Ляхавічаў ці прыпаўзла ў магазін змяя, з-за непагадзі аўтадарогу перагарадзілі паваленыя дрэвы, у лесе заблудзіла пенсіянерка і г. д.
Ляхавічане яшчэ не забылі выпадак, калі на мосце жанчыне стала дрэнна, і яе сумачка апынулася ў Ведзьме. Тады майстар-клас паказала група выратавання на вадзе. Відэакадры завірусіліся ў групах газеты ў сацсетках і сабралі шмат удзячных каментарыяў пра службу 101.
Да нядаўняга часу ў камандзе плыўцоў быў і першы намеснік РАНС Валянцін Сарайкін, на рахунку якога і няштатныя сітуацыі, выратаваныя жыцці. Паўтара гады сярод уладароў воднай стыхіі майстар-выратавальнік ПАВЧ № 1 Уладзіслаў Сазановіч, паўгода –
выратавальнік-пажарны Павел Саўчык, які за паўтара гады службы паспеў зарэкамендаваць сябе не толькі адказным і добрасумленным байцом, але і спартсменам. Нядаўна паказаў добрыя вынікі на абласных спаборніцтвах сярод выратавальнікаў-пажарных, дзе давялося і плаваць, і бегаць і г. д.
Днямі паступіла паведамленне пра тонучага ў Альхоўцах. Туды аператыўна прыбыла змена ПАВП № 14, але, нягледзячы на ўсе намаганні, чалавек загінуў. Вяскоўца выцягваў з вадаёма Іван Негарожын.
– Скажу не толькі за сябе, але і за ўсіх сваіх калег: мы заўсёды настроены на выратаванне чалавека, а ў надзвычайнай сітуацыі жаданне дапамагчы, выратаваць жыццё пераважае над уласнай бяспекай. На жаль, не заўсёды атрымліваецца так, як мы жадаем, – дзеліцца Іван Негарожын.
Вадзіцель ПАВЧ №1 Вадзім Царык 16 гадоў за рулём пажарнага спецборта і таксама ўваходзіць у групу выратавання на вадзе. У яго
практыцы сотні выездаў на пажары, на дапамогу людзям, і, канешне,
выратаваныя жыцці людзей з пажару і з вады. Вадзім адзначае, што калі з калегамі імчаць на выклік, не існуе іншага страху, як не паспець у час. І адчуваюць сапраўднае задавальненне, калі ўсе жывыя, калі гучыць шчырае «дзякуй!». Тады агняборцы разумеюць, што ўсё не дарэмна.
– Напярэдадні прафесіянальнага свята шчыра віншую калек-
тыў і ветэранаў службы, усіх, хто сваёй працай пацвярджае яе высокі імідж. Жадаю поспехаў у працоўных буднях і радасці ў кожным дні. Здароўя вам, сілы, мірнага неба. Няхай у вашых сем’ях пануюць лад і згода, – адрасуе віншаванні начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.