Градус надвор’я плюс градус у чарцы – гэта да бяды. Ляхавіцкі РАУС нагадвае
Высокая тэмпература паветра прымушае грамадзян шукаць выратавання ад спёкі каля вады. А Ляхавіцкі РАУС нагадвае, што спякотнае надвор’е не нагода парушаць дзеючае заканадаўства, у тым ліку, напрыклад, купацца ў месцах, дзе гэта забаронена.
Участковы інспектар Максім Бурчыц адзначае, што за купанне ў забароненых месцах рэк, азёр або іншых вадаёмаў прадугледжана адказнасць па артыкуле 24.42 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, санкцыя якога прадугледжвае накладанне штрафу ў памеры ад адной да трох базавых велічынь.
У сувязі з ростам колькасці загінулых у Ляхавіцкім раёне ў выніку купання рэйдавыя групы супрацоўнікаў міліцыі, РАНС, Асвода асаблівую ўвагу надаюць фактам распівання спіртных напіткаў паблізу вадаёмаў, з’яўленню грамадзян у стане алкагольнага ап’янення на пляжах і берагах рэк, азёр і сажалак. Пераважная большасць надзвычайных здарэнняў на вадзе з траўмаваннем або патапленнем адбываецца з удзелам асоб у стане алкагольнага ап’янення.