«А мы, камбайнеры, не падвядзём». У Ляхавіцкім раёне ў мінулую сераду віталі камбайнераў-двухтысячнікаў

«Фораланд» у фармаце закрытага акцыянернага таварыства –
сельгаспрадпрыемства – навічок на Ляхавіччыне. Але ў жніўнай справе тутэйшыя хлебаробы – сапраўдныя асы. На раённай Дошцы гонару значыцца і «Фораланд» з высокай ураджайнасцю (74 цэнтнеры з гектара),  і працаўнікі гаспадаркі – сярод лепшых. Ды і першыя тысячныя намалоты – зноў жа ў «Фораланда».

Старанна, надзейна, адказна, без прастояў і паломак – так і толькі так дзейнічаў з пачатку сёлетняй уборачнай жніўнай кампаніі працоўны дуэт у складзе Аляксандра Ярашэвіча і Аляксея Рамановіча.
Гэта іх у мінулую сераду ў полі, як першых у раёне камбайнераў-двухтысячнікаў, віталі першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык, прадстаўнікі райвыканкама, кіраўніцтва
ЗАТ «Фораланд».
– Камбайнерам стаў, гледзячы на бацьку. У «Фораландзе» працую чатыры гады. Гэты сезон, бадай, самы ўрадлівы, што і паказваюць палі з пшаніцай. Памочнік у мяне малады, але адказны. Мы каманда. І гэтым усё сказана. Сіла нашага экіпажа – у адзінстве. Працуем дружна, падтрымліваючы і дапамагаючы адзін аднаму. Канешне, рэкорды – здорава, але кожная тона збожжа – нялёгкая праца, якая патрабуе пастаяннай увагі. Няма праблем з палівам. Калі здараюцца якія-небудзь паломкі, адразу прыходзіць дапамога ад інжынерна-тэхнічнай службы гаспадаркі. На сёння самае галоўнае, каб надвор’е спрыяла. А мы, камбайнеры, не падвядзём, – гаворыць старшы камбайнер Аляксандр Ярашэвіч.


Для 22-гадовага тэхніка-праграміста ЗАТ «Фораланд» Аляксея Рамановіча жніво-2024 дэбютнае ў якасці хлебароба.
– Такую магчымасць – паспрабаваць свае сілы ў іншай справе –
нельга ўпускаць. Зыходзячы з таго, што заўвагі ад старшага камбайнера чую рэдка, значыць, у мяне атрымліваецца. Такі вопыт за плячыма не насіць. Уважліва слухаю ўсё, што скажа Аляксандр Аляксандравіч, каб потым не паўтарыць памылку. Ды і дзе заробіш летам такія дастойныя грошы. А наконт цяжкасцей
скажу так: працаваць трэба ўсюды, – разважае Аляксей Рамановіч.
На перапынак-ушанаванне каля дзясятка хвілін – і вось зноў КЗС бараздзіць прасторы жніўнага поля.
Дарэчы, другім у раёне намалаціў 2 000 тон збожжа яшчэ адзін экіпаж з «Фораланда». Першыя на Ляхавіччыне тысячнікі браты Віктар і Пётр Валчэцкія перасягнулі двухтысячную мяжу намалоту адразу пасля сваіх калег.
На раніцу пятніцы 17 экіпажаў камбайнаў у раёне намалацілі
больш за 1 000 тон кожны.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.