Уборачная лагістыка з мінімізацыяй затрат. Такімі падыходамі кіруюцца аграрыі Ляхавіччыны ў ходзе ўборкі збожжавых і зернебабовых

Сёлета ўбраныя хлебныя палеткі Ляхавіцкага раёна паказваюць сябе больш ураджайнымі, чым, напрыклад, у мінулым годзе. А тыя, што пакуль не трапілі пад жняярку камбайна, «абяцаюць», як мінімум, не горшую выніковасць. Аднак на вынікі жніва здольны паўплываць многія фактары. Тое ж надвор’е, якое сёння паказвае сябе абсалютным саюзнікам, заўтра можа змяніць сваю лаяльнасць. Таму трэба спяшацца, але рабіць гэта не ва ўрон якасці. «Згубленыя»
на адным квадратным метры зярняткі ў разліку на гектар поля падымаюцца ў вазе і гаспадарчай значнасці шматразова.
Разам з недапушчэннем страт ураджаю, важным момантам з’яўляецца і мінімізацыя затрат на правядзенне ўборачных работ. Гэта сэканомленыя грошы, якія можна і трэба пусціць,
як прагучала падчас нядаўняй селектарнай нарады ў Кіраўніка дзяржавы, на матывацыю ўдзельнікаў жніва. Тыя ж штодзённыя ранішнія пераезды камбайнаў з машыннага двара да ўборачнага палетка і вячэрнія ў зваротным накірунку, калі, канешне, яны маюць месца, здольны дастаткова істотна павысіць сабекошт збожжапрадукцыі. Асабліва ў выпадку «раскіданасці» сельгасарганізацыі, аддаленасці жніўных палёў ад месца начной стаянкі ўборачных машын.
ААТ «Жарабковічы» – самая вялікая і адна з найбольш раскіданых сельскагаспадарчых арганізацый раёна.
І на падобнай «алагістыцы» на прадпрыемстве пастаўлены тлусты
крыж – не выкарыстоўваецца.
– Гаспадарка вельмі маштабная, падзелена на чатыры вытворчыя ўчасткі. За кожным замацавана сетка дастаткова разгалінаваных палёў. І на ўсіх ёсць гаспадарчы двор з механічнымі майстэрнямі, месцамі для стаянкі і абслугоўвання, у тым ліку, і камбайнаў: у Сваятычах, Падлессі, Тальмінавічах і цэнтральны машынны двор у Жарабковічах. Калі камбайнаванне хлеба ажыццяўляецца на палях, размешчаных у блізкай адлегласці ад названых населеных пунктаў, камбайны начуюць кожны на сваім гаспадарчым двары. Учора, напрыклад, тры з іх знаходзіліся на цэнтральным машдвары, сем – на падлескім. Там, дзе і завяршалі ў 10 гадзін вечара свой чарговы жніўны дзень. З машынамі, якія былі задзейнічаны на тальмінавіцкім
вытворчым участку, становішча некалькі іншае. У той дзень на палях участка паблізу вёскі Гайнінец, працавала пяць збожжаўборачных машын. Дзе Гайнінец, а дзе Тальмінавічы з аднайменным гаспадарчым дваром? Доўгія кіламетры. Было прынята рашэнне арганізаваць часовую начную стаянку на тэрыторыі жывёлагадоўчай фермы «Гайнінец». Знайшлася адпаведная па памеры, з асвятленнем пляцоўка. А штатны начны вартаўнік фермы «прыглядваў» таксама і за камбайнамі. Да месцаў знаходжання сваіх машын экіпажы камбайнаў дастаўляюцца цэнтралізавана на транспарце гаспадаркі. Праводзяць штодзённае тэхнічнае абслугоўванне, запаўняюць паліўныя бакі дызелем, для чаго ў нас задзейнічана два аўтамабільныя палівазапраўшчыкі і, як толькі прападае раса, – за справу, –растлумачыў уборачную лагістыку па-жарабковіцку галоўны інжынер акцыянернага таварыства Міхаіл Пятроўскі.

Іван КАВАЛЕНКА.