Імідж па-ўсходнеўску. Магазін «Усходні» застаецца для ляхавічан зручным месцам для пакупак

Гандаль на Ляхавіччыне прадстаўлены 235 аб’ектамі і 45 кропкамі грамадскага харчавання. Тэндэнцыя апошняга часу – у раёне зарэгістравана 12 інтэрнэт-магазінаў. Рознічны гандаль ажыццяўляюць 63 юрыдычныя асобы і 59 індывідуальных прадпрымальнікаў. Сельскіх жыхароў абслугоўвае больш за сотню рознічных гандлёвых аб’ектаў, але самы буйны суб’ект гандлю на вёсцы, безумоўна, райпо: пад шыльдай «Родны кут» на Ляхавіччыне працуе 38 магазінаў.Населеныя пункты раёна абслугоўвае і дзясятак аўтамагазінаў. Большасць з іх – райспажыўтаварыства. Але сёння ў вясковыя населеныя пункты заязджаюць аўталаўкі
ААТ «Птушкафабрыка «Дружба», Ганцавіцкага хлебазавода, ААТ «Белпошта».

У раённым рэйтынгу, па інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, па аб’ёмах продажу першае месца належыць гандлёваму дому «Уладзімір» (магазін «Усходні»). На другім месцы – ТАА «Лібрэцік» (магазін «Разумны выбар»), у тройцы лідараў і ЗАТ «Дабраном» (магазіны «Капеечка» і «Маяк»).
У прафесійнае свята ў адрас гандлёвых работнікаў гучаць шчырыя словы ўдзячнасці за працу. За прафесіяналізм і ў сувязі са святкаваннем 100-годдзя ўтварэння органаў гандлю Беларусі юбілейным медалём «100 год органам гандлю Беларусi» ўзнагароджаны дырэктар ПГУП «Гандлёвы дом «Уладзімір» Валерый Радзюк. Грамата Брэсцкага аблвыканкама ўручана эканамісту Ляхавіцкага райпо Вользе Правасуд. Намеснік дырэктара ПГУП «Гандлёвы дом «Уладзімір» Таццяна Андрушкевіч (на здымку) і загадчыца склада гэтага ж прадпрыемства Аксана Бурбіцкая адзначаны граматамі галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Брэсцкага аблвыканкама.

Нягледзячы на прырост райцэнтра гандлёвымі сеткамі, магазін «Усходні» застаецца для ляхавічан зручным месцам для пакупак. Шырокі выбар тавараў, прыветныя прадаўцы і смачная лінейка ўласнай прадукцыі – формула папулярнасці гандлёвай кропкі, на якую працуюць і ўласная пякарня, а таксама мясны раздзелачны цэх, аб’яднаныя пад дахам гандлёвага дома «Уладзімір». Гандлёвы дом сёння забяспечвае працоўнымі месцамі больш за 40 чалавек. У пачатку бізнес-шляху (а афіцыйнай датай нараджэння ГД стала 1 мая 2003 года) калектыў быў невялікі – чалавек сем, расказвае памочнік дырэктара гандлёвага дома «Уладзімір» Людміла Радзюк. Сёння ж у штаце два дзясяткі прадаўцоў, шэсць повараў, тры кандытары, абвальшчык, загадчык склада і г. д.
Пошук свайго кліента пачынаўся з вырабу макарон, пасля справу пашырылі пячэнне і булачкі. Ва «Усходні» за кандытаркай і сёння ідуць ляхавічане не толькі з бліжэйшага мікрараёна. Пончыкі, піражкі, торты, пірожныя і многае іншае на густ любога аматара салодкасцяў – у асартыменце больш за 30 відаў. Тут можна набыць і хлеб не толькі мясцовых вытворцаў, але і з Баранавічаў, Салігорска, Мінска, Ліды і г. д.
У магазіне традыцыйна ў наяўнасці вялікі асартымент каўбаснай, малочнай і іншай прадукцыі, якую дастаўляюць не менш за два дзясяткі пастаўшчыкоў. Некаторыя вырабы заказваюцца невялікімі партыямі два разы на тыдзень, каб прадукцыя заўсёды была свежай. Дарэчы, маецца немалы раздзел і для аматараў здаровага харчавання.
За больш як два дзесяцігоддзі дзейнасці тутэйшыя прадаўцы вывучылі густы і смакавыя схільнасці сваіх кліентаў. Таму, калі пакупнік выбірае, напрыклад, сасіскі ці мяса, яму прапануюць не толькі тое, што ён любіць, але і навінкі. Ва «Усходнім» цэняць час сваіх пакупнікоў. І прапануюць 40 відаў паўфабрыкатаў і гатовую прадукцыю ў больш за паўсотні варыянтах: рулеты, шпікі, галубцы, катлеты і г. д. Часта запечаную і смажаную прадукцыю ляхавічане заказваюць для ўрачыстасцяў і іншых падзей. Сярод любімых тавараў у пакупнікоў таксама піца, сырнікі, яблыкі з саду  фермерскай гаспадаркі «Уладзімір плюс» і іншае. На сталах многіх ляхавічан і салаты з «Усходняга». Магазін іх гатуе больш за 10 відаў, і яны маюць сезонны характар. Зараз, напрыклад, у продажы больш летнія і лёгкія – з капусты, з сельдэрэем і г. д.
– Сэрца магазіна – яго калектыў. А ён ва «Усходнім» працаздольны і дружны. Больш за 15 гадоў працуюць бухгалтар Таццяна Секач, старшы прадавец Аліна Каваленка, прадаўцы Алена Бурвель, Вольга Дыдышка і іншыя. Прадаўцы ўмеюць знайсці падыход да нашых паважаных кліентаў і, пры неабходнасці, прафесійна дапамагчы выбраць тавар. Цэнім кожнага нашага пакупніка і дзеля яго прыдумваем смачныя навінкі, а іх нямала, – падкрэслівае Людміла Радзюк.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.