Плюсаў усё ж больш. На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама, разглядалася пытанне аб навядзенні парадку і эфектыўнага выкарыстання земляў на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельвыканкама
Аграгараджане і вяскоўцы – жыхары Навасёлкаўскага сельсавета – актыўна ўдзельнічаюць у работах па добраўпарадкаванні і навядзенні парадку на зямлі. Тон у арганізацыі работ задаюць старасты населеных пунктаў, дэпутаты сельсавета, работнікі сельвыканкама, якія асабістым прыкладам паказваюць, што значыць быць добрым гаспадаром.
У Кавалях талакой ліквідавана стыхійная звалка бытавых адходаў, выдалена расліннасць па вуліцы Южакова, пафарбавана агароджа мясцовых могілак. Жыхары Пранчакоў абрэзалі кустоўе. Падтрымалі гаспадарскую ініцыятыву стараста і жыхары Вялікай Лотвы – выдалілі старыя дрэвы і кустоўе па вуліцы Ламаносава. Дружна прайшоў суботнік і ва Ураджайнай: наведзены парадак у тутэйшым парку. Плённа папрацавалі ў плане добраўпарадкавання і жыхары Навасёлак.
Ямачны рамонт дарог Флер’янова – Карані, Ляхавічы – Навасёлкі, падсыпка гравійна-пясчанай сумессю некаторых вуліц у Гарбачах, Бажках, Каранеўшчыне, Навасёлках, асфальтаванне ўчастка аб’язной дарогі каля вёскі Вялікая Лотва, уладкаванне прыпыначных пунктаў грамадскага транспарту ў Пранчаках і Гарбачах – зробленае ў плане дарожных зручнасцяў. Значны ўчастак работ выканала ААТ «Шлях новы»: пакошана расліннасць каля неэксплуатуемых дамоў у Ціткаўшчыне, заменена старая агароджа ў доме па вуліцы Школьнай у Навасёлках, падчас суботніка ў Навасёлках пафарбаваны лаўкі, малыя архітэктурныя формы, уладкаваны кветнікі і клумбы. Аб’ядналі намаганні камунгас і мясцовыя жыхары і навялі парадак на ўсіх сямі могілках, якія знаходзяцца на балансе Ляхавіцкай ЖКГ.
За кошт сродкаў абласнога бюджэту заменены на святлодыёдныя
47 свяцільняў у Навасёлках і Вялікай Лотве. Вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю ліній электраперадачы ў Ціткаўшчыне і Краглях.
Дастойна спраўляюцца з добраўпарадкаваннем падведамасных тэрыторый установы адукацыі, аховы здароўя, культуры, іншыя арганізацыі.
Гэта станоўчыя моманты, агучаныя старшынёй Навасёлкаўскага сельвыканкама Аляксандрам Мацюшэнкам на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама, дзе разглядалася пытанне аб ходзе добраўпарадкавання, навядзення парадку і эфектыўнага выкарыстання земляў на тэрыторыі Навасёлкаўскага сельвыканкама.
Не толькі плюсамі адзначыўся маніторынг, які правялі санітарная,
прыродаахоўная, землеўпарадкавальная службы на тэрыторыі сельсавета. На тэрыторыях МТФ «Шляху новага»
ва Ураджайнай і Гарбачах несанкцыянавана размяшчаюцца адходы, выяўлены зараснікі сумніку (залатарніку) канадскага на землях ва Ураджайнай. Не вывозіцца смецце з кантэйнернай пляцоўкі могілак у Макееўшчыне і Кавалях, пашкоджана агароджа могілак у Бажках. Як адзначыў галоўны спецыяліст раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Курловіч, пераважная большасць выяўленых парушэнняў выпраўлена. Разам з тым, за парушэнне прыродаахоўнага заканадаўства з пачатку 2024 года ў Навасёлкаўскім сельсавеце ў дачыненні да фізічных асоб аформлены тры адміністрацыйныя справы, накладзена штрафаў на 600 рублёў.
Начальнік аддзела землеўпарадкавання Наталля Крымская расказала,
што падчас абследавання земляў ААТ «Шлях новы» ў межах Навасёлкаўскага сельсавета, выяўлены ўчасткі агульнай плошчай 11 гектараў, на якіх не праводзілася падкошванне лугавых земляў. Акрамя таго, «Шляху новаму» неабходна прыцягнуць у севазварот зямельныя ўчасткі ў Бажках, Ураджайнай, Вялікай Лотве. Землеўпарадкавальная служба прадаўжае работу па выяўленні фактаў самавольнага заняцця зямельных участкаў з мэтай іх легалізацыі ці адабрання. На тэрыторыі Навасёлкаўскага сельсавета выяўлены 81 такі ўчастак, тры ўжо легалізаваны.
Галіна КАНЬКО.