Тысячы тон цяпла.Кожная пятая здабытая ў Беларусі тона торфу – на рахунку ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі»
Сёння галоўная задача для аграрыяў – хутка і з найменшымі стратамі ўбраць хлеб, каб быў багатым стол беларусаў. Але не менш адказная місія – забяспечыць краіну цвёрдым палівам, а значыць – цяплом – стаіць перад торфаздабытчыкамі і торфаперапрацоўшчыкамі. І хлебаробаў, і майстроў тарфяных спраў выпрабоўвае на трываласць надвор’е.
Але, нягледзячы на яго розныя «сюрпрызы», папаўняюцца харчовыя запасы і здабываецца торф, які перапрацуецца ў брыкеты. Будзем
і з хлебам, і з цяплом!
Пра чарговае працоўнае дасягненне тухавіцкіх торфаздабытчыкаў гавораць лічбы і факты. З 1 мільёна 90 тысяч тон торфу, здабытага сёлета па ўсёй Беларусі, 207 тысяч – пятая частка – на рахунку ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Гэта заслуга работнікаў як завода ў Тухавічах, так і філіялаў – Калпеніцкага і Гатча-Осаўскага. І гэта пры тым, што надвор’е не проста ўнесла карэктывы ў тэрміны нарыхтовак, а істотна іх скараціла.
– Па-першае, здабычу пачалі пазней мінулагодняй даты. Дажджы «паспрыялі» таму, што, напрыклад, у чэрвені з 30 дзён працавалі на здабычы толькі 9. Зразумела, што адстаём ад леташняга і па паказчыках. Але разам з тым вынік неблагі – назапашана больш за 200 тысяч тон торфу. Безумоўна, будзем актыўна працаваць на нарыхтоўцы далей. Перапрацоўчыя цэхі не стаяць без работы,
загружаны поўнасцю. А попыт на нашу прадукцыю ад-чувальны і ў Беларусі, і за яе межамі, – адзначае дырэктар ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» Уладзімір Гунько.
Акрамя брыкету, паспяхова разыходзіцца яшчэ адзін від тухавіцкай прадукцыі – сушонка тарфяная. Яе ўжо выпушчана 36 тысяч тон – 63 працэнты да плана. Гэтая імпартазамяшчальная прадукцыя выкарыстоўваецца для выпуску якаснага заменніка каменнага вугалю, незаменная ў вытворчасці цэменту, і паступае яна на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы».
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.