«Ігар» насваволіў.Цыклон, які атрымаў імя «Ігар», насваволіў і на Ляхавіччыне
Цыклон, які атрымаў імя «Ігар», насваволіў і на Ляхавіччыне. Канешне, моцны парывісты вецер у спалучэнні з дажджом не так пабуйстваваў, як некалькі тыдняў назад, але ўсё ж непрыемнасцей прынёс. Паламаныя галіны, паваленыя дрэвы, збітыя ў садах яблыкі і грушы, пашкоджаныя цяпліцы – толькі частка нанесенай шкоды. Прайшлася непагадзь і па электрагаспадарцы раёна.
– З вечара 28 ліпеня па раніцу 30 ліпеня моцныя парывы ветру прывялі да адключэння падачы электрычнасці на лініях электраперадачы 0,4 кВ у Гайніне, Гашчыне, Дамашах, Дрэках, Трабавічах і іншых населеных пунктах. Брыгады электрасетак адразу прыступілі да ліквідацыі аварыйнай сітуацыі. Лінейныя брыгады ў панядзелак працавалі да 21 гадзіны, у аўторак пачалі работы з 6 гадзін раніцы. Без перапынкаў працавалі і аварыйна-выязныя брыгады. Падача электраэнергіі ў пацярпелыя ад урагану населеныя пункты была аператыўна адноўлена, – расказаў галоўны інжынер Ляхавіцкага РЭС Сяргей Фінюцін.
Галіна КАНЬКО.