Накарміць хлебароба смачна. Адна з важнейшых задач падчас адказных сельгаскампаній – накарміць працаўнікоў

Адна з важнейшых задач падчас адказных сельгаскампаній – накарміць працаўнікоў. Раз, а то і двойчы ў дзень у поле і на мехдвары дастаўляюць гэтым часам харчаванне для ўдзельнікаў жніва. Кожная гаспадарка распрацавала ўласны падыход: адны смажаць-вараць у сталовай, якая знаходзіцца на балансе сваёй гаспадаркі, для іншых гатуюць у сталовых гаспадарак-суседзяў. Галоўнае – смачныя абеды і падвячоркі своечасова дастаўляюцца механізатарам.

Вось ужо шэсць гадоў, як кулінарны цэнтр ААТ «Жарабковічы» перамясціўся з аграгарадка ў вёску Канюхі, дзе сельгаспрадпрыемства арганізавала надзвычай запатрабаваны аб’ект грамадскага харчавання. Нялёгкая гэта справа – наварыць, насмажыць на ўсіх хлебаробаў. Але калектыў сталовай (усяго чатыры работнікі), які ўзначальвае Ірына Грамак, спраўляецца.
– Амаль штодня двойчы кормім 220 нашых работнікаў абедамі і 120 – падвячоркамі. Папярэдне атрымліваем заяўкі ад брыгадзіраў падраздзяленняў. Гатуем у сталовай. А далей развозім па палях, на мехдвор, зернетакі. Ад таго, як пахарчаваўся механізатар, работнік зернятока, майстэрні, залежаць і прадукцыйнасць працы, і настрой хлебаробаў, што абавязкова адаб’ецца на агульным выніку. Што тычыцца аплаты, то работнікі «Жарабковічаў» са сваёй кішэні аплачваюць па 50 капеек за кожны прыём ежы, астатнія выдаткі бярэ на сябе гаспадарка, – адзначае старшыня прафсаюзнай пярвічкі ААТ «Жарабковічы» Святлана Станіславовіч.
Слава пра смачныя і апетытныя стравы, якія гатуюць у сталовай у Канюхах, ідзе па ўсім раёне. І не дзіўна, што многія сельгас-
прадпрыемствы Ляхавіччыны заказваюць абеды, падвячоркі для ўдзельнікаў жніва менавіта ў «Жарабковічах»: і СВК «Ляхавіцкі»,
і ААТ «Нача», і, напрыклад, ільнонасенстанцыя.
ААТ «Нача» не першы год для сваіх работнікаў заказвае харчаванне па прымальных цэнах менавіта тут. Забіраюць са сталовай у Канюхах сваім транспартам і ў свой посуд, а далей дастаўляюць у поле ці на мехмайстэрні.
– Клопат пра харчаванне ўдзельнікаў адказнейшых сельгаскампаній – адзін з напрамкаў сумеснай работы прафсаюза і кіраўніцтва «Ляхавіцкага». Раней ежу ў поле, майстэрні, на зернетакі прывозілі з рэстарана райпо. Але вырашылі паспрабаваць у «Жарабковічах». Усё атрымалася цудоўна. Удзячны кіраўніцтву ААТ «Жарабковічы»
за такое супрацоўніцтва. Стравы смачныя, меню разнастайнае, ды і кошт недарагі. Канешне ж, вывучалі меркаванні механізатараў –
водгукі станоўчыя. Так што двойчы на дзень падчас жніва прывозім стравы з Канюхоў, прыкладна па 50 порцый, – расказвае старшыня прафсаюзнай арганізацыі СВК «Ляхавіцкі» Валянціна Герасімовіч.
Уласнымі сталовымі, дзе смачна і апетытна гатуюць для хлебаробаў, могуць пахваліцца ААТ «Шлях новы» і ЗАТ «Белпрампрыбор». Што ж, напрыклад, у камбайнера са «Шляху новага» на абед? Вось меню аднаго дня: суп рысавы, бульба вараная, гуляш са свініны, салат з капусты, сок, хлеб – гэта абед. А вось і падвячорак: капуста тушаная, катлета, кампот, салат са свежых агуркоў, хлеб. Ці смачна? Спыталі ў тых, для каго гатуюць стравы.
– Смачна! Нават не ведаю, што мне падабаецца больш за іншыя стравы. Абеды заўсёды прывозяць гарачымі, хлеб свежы. Канешне, як гатуюць дома, мне больш падабаецца, але і ў сталовай нашай добрыя повары, – выказвае сваю думку камбайнер ААТ «Шлях новы» Андрэй Юруць.
СУП «Ліпнянка», дзе няма ўласнай сталовай, знайшло выйсце: абеды дастаўляюцца на палявы стан з Баранавічаў, адтуль прывозяць і падвячоркі ў выглядзе сухпайка. Па словах кіраўніка «Ліпнянкі» Мікалая Брокара, сельгаспрадпрыемства поўнасцю фінансуе харчаванне ўдзельнікаў жніва-2024. Такі ж падвоз арганізаваны для рупліўцаў хлебнай нівы з ЗАТ «Фораланд».
– Кормяць смачна, порцыі вялікія, так што з апетытам усё ў парадку. Ведаю, што і іншым механізатарам стравы падабаюцца. Галоўнае, што адразу ў полі кормяць, ды і з дому няма патрэбы яду браць, – гаворыць старшы камбайнер «Фораланда» Аляксандр Ярашэвіч.

Галіна КАНЬКО.