Ферма «Цэнтр» стане па-сапраўднаму цэнтральнай. У ААТ «Нача» Ляхавіцкага раёна завяршаецца будаўніцтва малочнатаварнага комплексу «Цэнтр»
МТК дазволіць начаўскай жывёлагадоўлі выйсці на новы ўзровень.
МТФ з такой назвай функцыянуе ў гаспадарцы дастаткова даўно. Зараз колішнія тэхналогіі ўтрымання і даення жывёлы ўжо не праходзяць, тым больш не абяцаюць ніякай перспектывы. Патрабуюцца новыя падыходы. Важным момантам з’яўляецца і выхад фермаў на новыя ўмовы для работы жывёлагадоўлі. Светлыя, свежыя, прасторныя выгульныя памяшканні з камп’ютарызаванымі даільнымі заламі для жывёлы, эстэтычныя, функцыянальна абсталяваныя санітарна-бытавыя пакоі для працаўнікоў. Сёння працуе, дае вынік, разганяе эканоміку толькі такая камбінацыя патрабаванняў.
І на ўсе з іх выйдзе новы МТК «Цэнтр», будаўніцтва якога зараз завяршаецца на тэрыторыі старой аднайменнай фермы.
Кароўнік ужо выглядае поўнасцю гатовым. Прывабны звонку, поўны святла, свежых будаўнічых пахаў, завершанага тэхналагічнага абсталявання ўнутры. Не хапае толькі жывёлы, некалькіх сотняў галоў дойнага статка, якія, магчыма, не адразу, аднак абавязкова знойдуць тут сваё стойлавае месца.
У гатоўнасці да мантажу абсталявання знаходзіцца і будынак даільна-малочнага блока. Узведзены ён таксама з нуля, з улікам новых патрабаванняў да падобнага кшталту аб’ектаў. Будаўнікі былі заўважаны на работах па аддзелцы асобных яго памяшканняў – даўкладцы пліткі. Па звестках, асноўнае абсталяванне даільна-малочнага блока ўжо аплачана, засталося ажыццявіць дастаўку, мантаж, наладку і спачатку спробны, а затым і пуск у рэжыме рэальнай нагрузкі.
У ліку задач для будаўнікоў новага МТК «Цэнтр» значацца работы па добраўпарадкаванні прыфермскай тэрыторыі. А гэта – кубічныя метры прафілёўкі грунту, укладкі бетоннага пакрыцця і іншае.
Будаўніцтва новага «Цэнтра» пачыналася каля двух гадоў назад.
Прыпынялася па некаторых прычынах, зноў пачыналася
і працягвалася з новай інтэнсіўнасцю. «Палівам» для будаўніцтва, у аснове сваёй, з’яўляліся крэдытныя грашовыя сродкі. Але, канешне ж, укладвалася ў работы і ААТ «Нача». У тым ліку і ўласным рублём. У цэнах больш як двухгадовай даўнасці завершаны праект абыдзецца прыкладна ў сем мільёнаў рублёў. Апошнім і «жалезным» тэрмінам завяршэння работ пазначаны канец верасня.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.