Адзнака гатоўнасці. Гатоўнасць устаноў адукацыі да навучальнага года ў цэнтры ўвагі жнівеньскага пасяджэння Ляхавіцкага райвыканкама

Менш за месяц – і зноў восень. А разам з ёю – новы навучальны год. Адна з самых абмяркоўваемых апошнім часам на розных узроўнях тэм – падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да гэтай важнай падзеі.

У мінулы чацвер гатоўнасць устаноў адукацыі да навучальнага года і забеспячэнне іх неабходным абсталяваннем і сродкамі навучання былі ў цэнтры ўвагі жнівеньскага пасяджэння Ляхавіцкага
райвыканкама.
Справаздачу аб зробленым трымала начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік. Яна падрабязна расказала пра асноўныя аспекты падрыхтоўчых работ: рамонт, набыццё абсталявання, забяспечанасць транспартам, кадравы складнік, арганізацыю харчавання, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, стварэнне безбар’ернага асяроддзя, забяспечанасць падручнікамі і вучэбна-метадычнай літаратурай. І ў гэтых напрамках зроблена нямала. Падкрэслена, што важны не толькі адукацыйна-выхаваўчы працэс, а і бяспека дзяцей на ўсіх этапах. Таму маніторынг за гэтым пытаннем вядуць розныя службы і ведамствы. Супрацоўнікі РАНС, РАУС, райЦГіЭ ахапілі пільнай увагай кожную ўстанову адукацыі. Па словах кіраўнікоў правяраючых ведамстваў, падрыхтоўка да новага навучальнага года праводзіцца на належным узроўні, хаця некаторыя праб-лемныя моманты ўсё ж былі выяўлены, большасць з іх ужо выпраўлена. У прыватнасці, пра поўнае выкананне выдадзеных рэкамендацый па лініі супрацьпажарнай бяспекі гаварыў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў паведаміў, што сёлетняй вясной супрацоўнікі санітарнай службы пабывалі ва ўсіх школах і дзіцячых садках. Па выяўленых парушэннях дадзена заданне на іх выпраўленне. Напрыканцы ліпеня адбылася чарговая праверка работы над памылкамі, якая паказала: сітуацыя выправілася, але не паўсюдна, на сёння выканана 95 працэнтаў ад рэкамендуемага. У прыватнасці, не завершаны рамонт пакрыцця пешаходных дарожак у гімназіі, ДС № 2 райцэнтра.
Па словах Віталія Ціханава, каля 85 працэнтаў парушэнняў, выяўленых супрацоўнікамі райЦГіЭ, не патрабуюць значных фінансавых укладанняў для іх выпраўлення. Справа – у неналежным выкананні прафесійных абавязкаў.
Кіраўнік справамі райвыканкама Ігар Хлабукін зноў жа спыніўся напытаннях бяспекі. Размова – пра ўладкаванне, афарбоўку дарожных пераходаў каля школ, дзіцячых садкоў. І гэта справа не толькі работнікаў ДРБУ-200, камунгаса, але, па магчымасці, павінны далучыцца і ўстановы адукацыі.
Сярод іншых праблемных момантаў, агучаных на пасяджэнні райвыканкама, – і няпоўнае расходаванне бюджэтных сродкаў, выдаткаваных на рамонтныя работы ва ўстановах адукацыі, вырашэнне кадравага педагагічнага пытання. Агучаны і тэрмін падпісання сертыфікатаў гатоўнасці – да 16 жніўня.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз адзначыў, што ніякага фармалізму ў такім важным пытанні быць не павінна, як і недапушчальна перакладванне адказнасці. Час выправіць памылкі і недапрацоўкі яшчэ ёсць, і трэба неадкладна гэта рабіць. Справа тычыцца бяспекі, жыцця, здароўя нашых дзяцей.

Галіна КАНЬКО.