Сямейны хлебны падрад. На жніўных палетках Ляхавіччыны сёлета працуе 11 сямейных экіпажаў

Генадзій і Марта Граблюкі з СВК «Ляхавіцкі» разам працуюць восьмы жніўны сезон.

На жніўных палетках Ляхавіччыны сёлета працуе 11 сямейных экіпажаў. У трох з іх камбайнер прадстаўляе прыгожую і вельмі працавітую палову чалавецтва

На жніўных палетках Ляхавіччыны сёлета працуе 11 сямейных экіпажаў. У адной кабіне разам шчыруюць бацька з сынам ці дачкой, муж з жонкай, браты.

Браты Віктар і Пётр Валчэцкія з ЗАТ «Фораланд» – сярод лідараў раённага жніва, іх намалот без малога 2 500 тон збожжа.


У ААТ «Шлях новы» прыклад зладжанай работы дэманструюць камбайнеры Аляксандр і Сяргей Пінчукі. Для Аляксандра працаваць з сынамі – справа звычайная. Вопытны механізатар па-за жнівом працуе на «Амкадоры» на фермах «Лотва» і «Сакуны». А ў гарачы летні час традыцыйна за штурвалам КЗС. Летась разам з бацькам працаваў малодшы Дзмітрый, а сёлета яго змяніў Сяргей, які ў гаспадарцы нядаўна. І сёння іх прозвішчы ўпрыгожваюць раённую жніўную Дошку гонару.


Трэці сезон на палетках «Шляху новага» сямейны падрад у складзе бацькі і сына Аляксандра і Сяргея Цімашкоў. Сяргей дапамагае бацьку і гаспадарцы падчас свайго водпуску. На ўборачнай у іх традыцыйна высокі вынік.
У ААТ «Жарабковічы» з трох сямейных экіпажаў адзін мае яшчэ і статус маладзёжнага. У жніўным дуэце браты Папко –
Уладзімір і Раман. Абодва ў хлебаробскай справе не навічкі. Працоўнае месца Уладзіміра – пагрузчык, на якім ён задзейнічаны на ўсіх відах сельгасработ. За штурвалам камбайна ён два сезоны, а перад гэтым тры сезоны быў памочнікам камбайнера. Раман – старшы інструктар-выратавальнік ПАСЧ № 1, але ў жніво яго стыхіяй становіцца залатое поле. Разам на жніве яны ўпершыню і адзначаюць, што пра гэта мараць, пэўна, усе браты. Дзеляцца, што сумесная праца – адзіная магчымасць пабыць разам – як у дзяцінстве. Разумеюць адзін аднаго з позірку.
З Аляксандрам Вітко працуе сёння ў полі яго брат Віктар.
У напарніках яны «піянеры», але ні аднаму з іх вопыту не займаць. Разам рыхтавалі да жніва свой камбайн.
У капітана жніўнага карабля Івана Касміны бортмеханікам сёлета жонка Дар’я. У пазажніўны час Іван кіруе «Амкадорам», а Даша вучыцца на тэхніка-тэхнолага ў Ляхавіцкім аграрным каледжы. Калі муж прапанаваў ёй папрацаваць разам, згадзілася і не шкадуе. Уважліва слухае ўсе яго ўказанні. А Іван падкрэслівае, што ў іх экіпажы Даша, як і ў жыцці, галоўная, і нішто не загартоўвае адносіны, як знаходжанне поплеч больш за дзесяць гадзін у дзень.
А дома іх вельмі чакаюць дзве дачкі і сын. Пакуль бацькі заняты на жніве, малых даглядаюць бабуля з дзядулем.
Экіпаж мужа і жонкі Аляксандра і Алены Лепяшко – перадавік
не толькі ў «Жарабковічах», але і ў раёне. На іх рахунку ўжо больш за 1 800 тон збожжа.
Для майстра лесу Востраўскага лясніцтва Сяргея Ваўчка сёлетні сезон – юбілейны, 30-ы, і ён падкрэслівае, што працаваць у пары з сынам Уладзіславам вельмі зручна і добра. Студэнт БНТУ летась прайшоў бацькаву школу жніва і сёлета нават нейкі час быў за старшага на другім камбайне. Свае палявыя ўражанні разам з Паўлам Гачко размяшчаюць у ціктоку і збіраюць «ураджай» лайкаў. У адным
рытме шчыруе і каманда Віталія і Яўгенія Саганаў – бацькі і сына.
Узаемавыручка і высокі каэфіцыент карыснага дзеяння
адрозніваюць тандэм Эдуарда і Міхаіла Чалядкаў з ААТ «Нача». Міхаіл адзначае, што працаваць з бацькам ганарова і цікава. Жніво-2024 стала для яго, трэцякурсніка БарДУ, карысным жыццёвым вопытам. Дапамагаў ён і рыхтаваць камбайн да сезона. А бацька дзеліцца, што яго памочнік добра ведае тэхніку і за руль садзіцца, добрасумленна спраўляецца з усімі абавязкамі.
Тандэм Генадзія і Марты Граблюкоў не патрабуе прадстаўлення – яны не раз былі героямі старонак «ЛВ». Спачатку да хлебаробскай працы бацька падключыў сына, а ўжо восьмы сезон запаўняе бункер камбайна разам з дачкой Мартай – інжынерам па падрых-
тоўцы кадраў лясгаса. Марта заваявала давер і іншых калег-аграрыяў, і ніхто з іх не скажа, што жніво не жаночая справа.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.