Не той ураджай, што ў полі

На сельскагаспадарчым палетку збожжа «ўсяго» толькі вырастае, выспявае да ўборачнай гатоўнасці. Але ж «хлебам» для гаспадаркі-вытворцы становіцца, калі трапляе ў свіран, шлях да якога складаецца з некалькіх этапаў.

Уборка – галоўны, аднак не адзіны бок ураджайнай справы
З поля, можна сказаць, усё толькі пачынаецца. Складваецца па-рознаму, але заўжды праходзіць у напружанай працы, з максімальнай канцэнтрацыяй сіл і сродкаў. Лічыцца лагодай нябёсаў, калі
перадуборачная непагадзь не стала прычынай палегласці хлябоў, калі на працягу жніўных тыдняў дождж быў рэдкім госцем. А сонейка, наадварот, ззяла, свяціла і сушыла, тым самым рухала наперад тэмп уборачных работ, дазваляла сельгасарганізацыям эканоміць на штучным дасушванні прадукцыі палёў.
У бягучым уборачным сезоне здараліся розныя расклады: мелі месца і мокрыя дні, быў і даволі працяглы перыяд ліпеньскай спякоты. Ды так, што збожжатакі сельгасарганізацый раёна мелі магчымасць працаваць у палегчаным рэжыме, пазбягаючы неабходнасці
дасушвання збожжа, якое паступіла з поля.
Але так, каб з поля, у абход сушылкі і адразу ў складское памяшканне, бывае не часта. Звычайна сушыльныя магутнасці сельгаспрадпрыемстваў працуюць з поўнай нагрузкай на працягу ўсёй уборачнай кампаніі. Бывае, што і некаторы час пасля яе завяршэння – з мэтай дапрацаваць фінішныя дзясяткі тон намалотаў.
На ўзбраенні аграгаспадарак Ляхавіцкага раёна знаходзіцца 19 збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў. Найбольш у «Жарабковічах» – шэсць, чатыры ў «Шляху новым», а ў СВК «Ляхавіцкі», напрыклад, працуюць тры стацыянарныя ЗСК.

Інжынеры збожжасушыльнай справы
У сельгаскааператыве «Ляхавіцкі» збожжа-ачышчальна-сушыльныя комплексы рознай прапускной здольнасці, тэрміну эксплуатацыі, агульным з’яўляецца той факт, што ўжо трэці сезон іх работа заснавана на спальванні прыроднага газу. Іх пераабсталяванне пад цяперашнія магчымасці спажывання, вядома, каштавала кааператыву пэўных грашовых выдаткаў. Але гэтыя ўкладанні былі зусім не марнымі.
– Лічу, што газ – гэта і эканомія, і экалогія, і фактар чысціні. Пры спальванні блакітнага паліва практычна адсутнічаюць шкодныя выкіды. У адрозненне ад так званага паліва пячнога, з якім нам даводзілася мець справу раней і на сабе і сваім адзенні адчуваць усе яго «далікатнасці», – не без іроніі адзначае машыніст
ЗСК Анатолій Герасімовіч.
У яго велізарны вопыт работы па абслугоўванні ачыш-чальна-сушыльных комплексаў, ведае справу знутры
і літаральна да кожнага вінціка-гаечкі. Сезоны дапрацоўкі
збожжа складваліся па-рознаму, аднак завяршаліся звычайна чарговым працоўным поспехам. Вось і сёлета,
калі Анатолій працуе ў зменным тандэме з Леанідам Юнікам, яны знаходзяцца ў ліку лепшых сярод раённых калег-машыністаў ЗСК. На сушыльнай устаноўцы пад маркай «М-819» яны дапрацавалі каля 4 000 тон ураджаю. Былі ячмень, насенне рапсу, пшаніца.
– З пшаніцай прасцей і хутчэй: бывалі дні, што зерне паступала з палёў з паказчыкам вільготнасці блізкім да складскіх 13 працэнтаў. Толькі смецце «адбівалі». Рапс – прадукт больш далікатны. Па-першае, сушыць насенне неабходна да 7 працэнтаў вільготнасці,
па-другое, тэмпература сушкі не павінна перавышаць 65 градусаў. Інакш – урон якасці, – тлумачыць адметнасці сваёй работы майстар ачышчальна-сушыльнай справы гаспадаркі.
Анатолій Герасімовіч і Леанід Юнік (на здымку) становяцца машыністамі ЗСК толькі на сезон жніва.
У штатным раскладзе СВК «Ляхавіцкі» яны займаюць пасады інжынера па працаёмкіх працэсах і энергетыка
адпаведна.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.