Стальная загартоўка. Сваё прафесійнае свята разам з усімі чыгуначнікамі краіны адзначае і калектыў станцыі «Рэйтанаў»

Заўтра сваё прафесійнае свята разам з усімі чыгуначнікамі краіны адзначыць калектыў станцыі «Рэйтанаў» Лунінецкай дыстанцыі пуці Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі: дзяжурныя па станцыі, манцёры, прыёмаадпраўшчыкі грузаў.

Чыгуначная магістраль, як і аўтадарога, патрабуе пастаяннай увагі і клопату спецыялістаў. Толькі праца дарожнікаў больш навідавоку, а дзейнасць манцёраў пуці людзям недасведчаным ацаніць цяжка. Але менавіта ад іх прафесіяналізму і зладжанасці дзеянняў залежыць бесперабойнае функцыянаванне чыгункі.
У складзе дружнага калектыву і брыгадзір пуцейцаў Аляксандр Есіс (на здымку). На чыгунку ён, аграном, прыйшоў з сельскай гаспадаркі, і ўжо два дзесяцігоддзі яго працоўныя абавязкі звязаны
з заменай шпалаў, рэек, элементаў стрэлачных пераводаў і г. д.
Летам дабаўляецца абкошванне травы ў палосах адводу і на
перагонах, узімку чысцяць ад снегу стрэлачныя пераводы, выконваюць і іншыя работы. Галоўнае – утрыманне пуці ў такім стане, каб рух цягнікоў ажыццяўляўся бяспечна, па графіку і з неабходнай хуткасцю.


Тры з паловай гады назад добрасумленнага і адказнага працаўніка назначылі брыгадзірам пуцейцаў. У брыгадзе дзевяць чалавек, зона адказнасці якіх сем кіламетраў чыгуначнага палатна ад Гарадзішча да Мыслабажа Ляхавіцкага раёна. Кожную раніцу на планёрцы манцёры пуці атрымліваюць заданне на дзень: хто ідзе ў абход, іншыя на замену шпалаў, стрэлачных брусоў, рамонт чыгуначных пераездаў і г. д. Перад пачаткам работы брыгадзір абавязкова нагадае калегам пра патрабаванні па ахове працы, праверыць наяўнасць спецадзення, інструментаў і г. д.
– У нашай справе на першым месцы, канешне, якасць работы – на кану бяспека і камфорт паездкі пасажыраў. Упэўнены, што для пас-
пяховай і выніковай працы важныя і павышаная ўважлівасць, уменне аператыўна ўхіліць няспраўнасці. На сваім участку адказваем
па ўсіх гэтых момантах, – адзначае Аляксандр Есіс.


За дзень ён і яго калегі па працоўным маршруце ад станцыі «Рэйтанаў» пераадольваюць у любое надвор’е і сезон не менш за 14 кіламетраў. Нягледзячы на суровасць прафесіі, якая на чыгунцы лічыцца адной з самых складаных, брыгадзір пуцейцаў расказвае пра яе з натхненнем і цікава.
Гэтымі днямі манцёрам чыгуначнага пуці клопатаў прыбавіла непагадзь. І калі карэспандэнт «ЛВ» патэлефанаваў Аляксандру Есісу, той са сваімі калегамі замацоўваў чыгуначныя пліты на пераездзе
283-га кіламетра.
– Аляксандр Есіс з тых, на каго заўсёды можна спадзявацца, –
добрасумленны, адказны і надзейны, – характарызуе начальнік Лунінецкай дыстанцыі пуці Баранавіцкага аддзялення Беларускай чыгункі Арцём Кіпцэвіч і адрасуе шчырыя віншаванні з Днём чыгуначніка ўсім работнікам стальных магістраляў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.