Пярвічка працуе эфектыўна. Як спрацавала прафсаюзная пярвічка ляхавіцкіх медыкаў за апошнія пяць гадоў

Як спрацавала прафсаюзная пярвічка медыкаў за апошнія пяць гадоў – асноўнае пытанне, што стаяла на парадку дня справаздачна-выбарнай прафсаюзнай канферэнцыі УАЗ «Ляхавіцкая цэнтральная раённая бальніца».

Удзел у ёй узялі медыкі – прадстаўнікі ўсіх падраздзяленняў, якія ўваходзяць у склад Ляхавіцкай ЦРБ. Сярод гасцей – старшыня Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Мікалай Скаскевіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.


Справаздачу трымаў старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ЦРБ Сяргей Памазанскі. Сярод іншых тэм ён акцэнтаваў увагу на тым, як эфектыўна працуе асноўны дакумент сацыяльнага партнёрства паміж прафсаюзам і адміністрацыяй – калектыўны дагавор. Праз яго вырашаюцца пытанні аплаты працы, устанаўлення надбавак, прэміравання, аказання матэрыяльнай дапамогі, як і накладання дысцыплінарных спагнанняў. Усё робіцца па ўзгадненні з прафкамам.


Дарэчы, амаль усе работнікі медустаноў працуюць на кантрактнай аснове, большасць кантрактаў заключана з работнікамі на пяць гадоў. Прафсаюзныя актывісты вывучаюць пытанні выканання заканадаўства аб працы. Дзейсна працуе грамадская камісія па ахове працы, пастаянна праводзяцца вучоба і павышэнне кваліфікацыі грамадскіх інспектараў па ахове працы. На прафсаюзным кантролі і пытанні дысцыпліны, а таксама сацыяльная падтрымка моладзі. Замацаванню маладых спецыялістаў спрыяюць дадатковыя сацыяльныя гарантыі, у тым ліку, павышэнне тарыфнай стаўкі па кантракце, кампенсацыя расходаў за арэнду жылля. Добрым памочнікам у рабоце з моладдзю стала настаўніцтва.
Спыніўся Сяргей Памазанскі і на культурна-масавай, спартыўнай рабоце, якую праводзяць прафсаюзы. Медыкі актыўна ўдзельнічалі ў акцыях і мерапрыемствах, прымеркаваных да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. Было шмат спартыўных спаборніцтваў, экскурсій, паездак, арганізаваных прафсаюзамі.
Бадай галоўнае сведчанне таго, што прафсаюзу давяраюць, – той факт, што ўсе работнікі ўстаноў аховы здароўя Ляхавіцкай ЦРБ – члены прафсаюза. А пацвярджэнне даверу лідару – перавыбранне Сяргея Памазанскага на бліжэйшыя пяць гадоў старшынёй прафсаюзнай пярвічкі.
Сярод галоўных задач, якія будзе вырашаць медыцынскі прафсаюз, – больш эфектыўнае ўзаемадзеянне з адміністрацыяй райбальніцы ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач, забеспячэнні неабходных умоў для работы медустаноў раёна, высокай выканальніцкай дысцыпліны і адказнасці работнікаў у пытаннях аказання высокакваліфікаванай меддапамогі насельніцтву.
Дарэчы, у гэты ж дзень Мікалай Скаскевіч прыняў удзел у справаздачна-выбарных прафсаюзных канферэнцыях, якія прайшлі ў Брэсцкай абласной псіхіятрычнай бальніцы «Крывошын» і райЦГіЭ. Старшынямі прафкамаў там зноў абраны галоўная медсястра Жанна Чаранкевіч і памочнік урача-гігіеніста Данута Багдановіч адпаведна.
Галіна КАНЬКО