Дынаміка ёсць. Рэзервы таксама. Як спрацаваў Ляхавіцкі раён у першым паўгоддзі бягучага года?
Як спрацаваў Ляхавіцкі раён у першым паўгоддзі бягучага года? Якія вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця можна занесці ў залік, а якім паставіць нездавальняюча? Хто з прадпрыемстваў і арганізацый паказаў плюсы, а «дзякуючы» каму раён не дасягнуў планавых паказчыкаў? Якое выйсце са склаўшайся сітуацыі бачыць кіраўніцтва прадпрыемстваў? Ад вырашэння ўзнятых пытанняў залежыць, як Ляхавіччына будзе развівацца далей, а, значыць, дабрабыт кожнага земляка. На гэтым акцэнтавана ўвага на пасяджэнні райвыканкама, дзе разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэту раёна за першыя 6 месяцаў 2024 года.
Пачнём са станоўчага. Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня расказала, што ў цэлым эканоміка раёна спрацавала станоўча. Зроблены аналіз па асноўных паказчыках і праведзена параўнанне з абласнымі лічбамі. Так, выручка ад рэалізацыі прадукцыі павялічыла-ся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 25,1 працэнта (абласны паказчык – на 16,1 працэнта), чысты прыбытак вырас на 39,7 працэнта (па вобласці зменшыўся на 2,3 працэнта), рэнтабельнасць продажу станоўчая (па вобласці – зніжэнне), у раёне няма стратных прадпрыемстваў, летась за такі перыяд іх было тры. Выкананы мэтавы паказчык па тэмпе росту заработнай платы: склаў 118,5 працэнта пры заданні 111,5 працэнта. Перавыканана заданне па сукупных паступленнях даходаў кансалідаванага бюджэту раёна. Са станоўчай дынамікай
спрацавалі сельская гаспадарка і гандаль. Асабліва ўнушальныя лічбы з плюсам у аграрным сектары: тэмп росту валавой прадукцыі склаў 121,8 працэнта пры заданні 103,5 працэнта. Плюсам пазначаны і экспарт тавараў.
Разам з тым, па словах Людмілы Матчэня, раён не выканаў 6 з 13 паказчыкаў. У першую чаргу, размова ідзе пра прыцягненне прадпрыемствамі інвестыцый – тэмпы недастатковыя. Напрыклад, за студзень – май 2024 года тэмпы росту інвестыцый у асноўны капітал склалі 117,1 працэнта, а за студзень – чэрвень – 97,4 пра-
цэнта пры заданні 107,1 працэнта. Як аказалася, асноўнай прычынай невыканання гэтага паказчыка стала зніжэнне тэмпаў росту аб’ёмаў будаўніча-мантажных работ, якія за ўказаны перыяд склалі
85,6 працэнта пры заданні 102,2 працэнта. У прыватнасці, УКБ Ганцавіцкага раёна самастойна пераносіла тэрміны і прыпыняла будаўніцтва шматкватэрнага жылога дома ў райцэнтры па вуліцы Южакова, якое было пачата яшчэ ў 2022 годзе. І як вынік –
не выканана заданне па ўводзе жылля, у тым ліку з дзяржпадтрымкай. Недастатковымі тэмпамі вядзецца будаўніцтва МТФ у ААТ «Нача», акрамя таго, зацягваюцца тэрміны па распрацоўцы праектна-каштарыснай да-кументацыі для будаўніцтва сельгасаб’ектаў жывёлагадоўлі ў ААТ «Шлях новы» і «Жарабковічы». Для таго, каб выканаць паказчык па інвестыцыях у асноўны капітал і будаўніча-мантажных работах за 9 месяцаў бягучага года і ўвогуле па 2024 годзе, неабходна прыняць шэраг мер па рэалізацыі другой чаргі праекта па рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Ляхавічах, завяршыць будаўніцтва 60-кватэрніка ў райцэнтры па вуліцы Южакова, прадоўжыць работы па будаўніцтве МТФ у сельгас-арганізацыях.
Першае паўгоддзе пазначана і адмоўнай дынамікай тэмпаў росту вытворчасці. Тычыцца гэта і прадпрыемстваў-флагманаў: торфабрыкетнага, кансервавага заводаў, лясгаса, ільнозавода, бляшаначнага завода «Інтэрлак». Кіраўнікі прадпрыемстваў патлумачылі прычыны зніжэння і расказалі, як плануюць выходзіць з сітуацыі і нарошчваць аб’ёмы вытворчасці. Людміла Матчэня падкрэсліла, што ў зніжэнні паказчыкаў, безумоўна, ёсць і аб’ектыўныя прычыны, але, каб выйсці на мэтавыя паказчыкі, неабходна больш дзейсна шукаць новыя рынкі збыту, у тым ліку і за межамі краіны, пашыраць асартымент выпускаемай прадукцыі, у тым ліку інавацыйнай, трэба працаваць і над павышэннем яе канкурэнтаздольнасці.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз акцэнтаваў увагу кіраўніцтва прадпрыемстваў на неабходнасці неадкладнага вырашэння праблемных пытанняў і падкрэсліў, што не трэба чакаць заканчэння трэцяга квартала, а брацца за работу належыць тут і цяпер. Таксама кіраўнік раёна адзначыў, што нямала пытанняў да гандлю і прадпрыемстваў грамадскага харчавання. Што тычыцца апошніх аб’ектаў, то іх у раёне яўна недастаткова, а гэта даволі запатрабаваная ніша.
Востра стаіць і пытанне выпуску інавацыйнай прадукцыі. Як паведаміла Людміла Матчэня, у раёне назіраецца зніжэнне ўдзельнай вагі інавацыйнай прадукцыі на 1,6 працэнтнага пункта ў параўнанні з першым паўгоддзем 2023 года. Найбольшае зніжэнне дапушчана СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» (на 3,7 працэнтнага пункта). З мінусам таксама кансервавы завод і льнозавод. Але шанц паправіць сітуацыю адназначна ёсць ва ўсіх. Праўда, пры выкананні пэўных умоў. У прыватнасці, ільнозавод павінен нарошчваць аб’ёмы вытворчасці і прада-ваць інавацыйную прадукцыю –
катанізаванае льновалакно, вытворчасць якога наладжана ў межах інвестыцыйнага праекта «Адзін раён – адзін праект».
Дарэчы, праект дае магчымасць стварэння на заводзе 21 новага працоўнага месца. Дырэктар ільнозавода Дзмітрый Скакун паведаміў, што сёлета якасць сыравіны чакаецца лепшай, чым летась, адпаведна, у плюсе будуць аб’ёмы выпускаемай прадукцыі.
Пастаўлена задача арганізаваць выпуск інавацыйнай прадукцыі на малочным, кансервавым заводах, торфабрыкетным заводзе.
Галіна КАНЬКО.