За штурвалам маладыя. На жніўных палетках Ляхавіччыны шчыруюць маладзёжныя экіпажы камбайнераў і вадзіцелі

На жніўных палетках Ляхавіччыны на камбайнах задзейнічаны шэсць маладзёжных экіпажаў, пяць маладых вадзіцеляў заняты на адвозцы збожжа.

Ігар Васілевіч і Ягор Тарабаш

Перад выхаднымі «ЛВ» абнародаваў на сваіх інтэрнэт-пляцоўках хлебную навіну – экіпаж Ігара Васілевіча і Ягора Тарабаша з ААТ «Жарабковічы» намалаціў 2 000 тон зерня і стаў лепшым сярод маладых камбайнераў не толькі раёна, але і Брэстчыны.

У адной камандзе Ігар і Ягор трэці сезон і традыцыйна займаюць
перадавыя пазіцыі. Старшы камбайнер Ігар Васілевіч адзначае, што добры напарнік – палова поспеху. А Ягор і тэхнічна падкаваны, і адказны, і ўважлівы, і нераўнадушна ставіцца да справы.
Электрагазазваршчык па спецыяльнасці, з сельскагаспадарчай працай знаёмы з дзяцінства. Пасля пошукаў сябе і сваёй справы вярнуўся на малую радзіму і лічыць, што дома заўсёды лепш.
Для Ігара Васілевіча жніво-2024 шостае. Другі сезон кіруе новым КЗС-10К беларускай вытворчасці. З задавальненнем пералічвае плюсы магутнай машыны і адзначае яе высокую прадукцыйнасць і камфортнасць, лёгкі ход і іншыя перавагі. Прыгадвае: калі раней у бункер засыпалі максімум пяць з «капейкамі» тон, то зараз не менш за сем з паловай. Пры такім раскладзе ў добрае надвор’е можна намалаціць не менш за 160 тон збожжа. Уборачная кампанія, па словах аграрыя, нечым нагадвае экзаменацыйную сесію, калі дзеля выніку патрабуецца мабілізацыя сіл і часу. Падкрэслівае, што кожнае жніво не падобнае на папярэдняе, але ў памяці лета, калі ён, малады камбайнер, адразу заняў другое месца ў вобласці.
А ў леташняе жніво ў Васілевіча нарадзіўся малодшы сын Яраслаў.
– Працаваць у сельскай гаспадарцы сёння, лічу, прэстыжна, створаны ўсе ўмовы. Забяспечаны спецадзеннем і кормяць смачна. Ад гаспадаркі атрымаў дом у арэнду. Дома чакаюць два сыны і жонка, сочыць за маімі поспехамі і бабуля з Казахстана. Што яшчэ трэба? – адзначае хлебароб.
Па-за жнівом ён шчыруе на трактары «ДжонДзір», зімой сярод іншых клопатаў і ачыстка дарог ад снегу. Такой запатрабаванасцю вельмі задаволены і да працы заўсёды гатовы.
Сярод маладзёжных экіпажаў вызначаюцца тандэм зноў жа з жарабковіцкім адрасам у складзе Аляксандра Сарнацкага і Генадзія Хмарука, а таксама Аляксандр Камінскі са «Шляху новага».

Аляксандр Дыдышка


Утрымліваюць перадавыя пазіцыі маладыя вадзіцелі Раман Турко і Сяргей Чарняк з ААТ «Жарабковічы», Аляксандр Дыдышка з
СУП «Ліпнянка». Кожны з іх у размове з карэспандэнтам «ЛВ» адзначаў баявы настрой да працы і стойкасць да жніўных выпрабаванняў.
Раман Турко сёлета ўзначаліў раённы рэйтынг маладых вадзіцеляў- тысячнікаў. Свой МАЗ лічыць машынай надзейнай. З тэхнікай Раман на ты. І ў гэтым заслуга менавіта бацькі, у якога сын доўгі час на жніве быў у памочніках. Калі сонца «працуе» на поўную, у кабіне вадзіцеля тэмпература зашкальвае. Але гэта не перашкаджае працаваць адказна, з пашанай да збожжа і павагай да землякоў. Раман Турко сярод тых маладых аграрыяў, каго ў рамках рэспубліканскага праекта «Моладзь – за ўраджай!» райкам БРСМ ушаноўваў у полі за працоўныя поспехі.
Сяргей Чарняк па спецыяльнасці ветфельчар, але шэсць гадоў у гаспадарцы майстарскі кіруе МАЗам і зарэкамендаваў сябе старанным і надзейным працаўніком. Падкрэслівае, што вынікова працаваць дапамагае таксама добры настрой, які забяспечваюць вытворчыя бонусы. Стымулюе і сям’я, дзе падрастаюць двое сыноў.
У СУП «Ліпнянка» Аляксандр Дыдышка працуе паўтара года і работу
сваю любіць. Адзначае, што карміць людзей, вырошчваць хлеб – заўсёды ганарова. Восем гадоў быў сталічным жыхаром, але вярнуўся ў родныя мясціны ў Ліпск. Аляксандру падабаюцца вялікія машыны і дынамічнасць працы.
– Сёння дастаўляем з поля збожжа, а заўтра накіроўваемся за мінеральнымі ўдабрэннямі для гаспадаркі. Работа ёсць і зімой, і летам, – падкрэслівае малады вадзіцель.
У дзень падчас уборачнай за 12 рэйсаў ён накручвае больш за дзве сотні кіламетраў. Але ў працоўнай мітусні абавязковы момант – ранішні агляд машыны. Любоў да тэхнікі і ўменне адчуваць яе перадаў бацька, які працуе трактарыстам у ПМС.
– У сённяшніх высокіх намалотах і ўклад нашых маладых і энергічных хлебаробаў. Яны практычна не адстаюць ад вопытных працаўнікоў. І шчыруюць з максімальнай аддачай і зацікаўленасцю. Радуе, што такая тэндэнцыя штогод захоўваецца, і ўпэўнены, што маладыя яшчэ скажуць сваё аграрнае слова. Прыемна,
што працуюць з задавальненнем і разумеюць, без любві да роднай зямлі і тэхнікі поспеху не дасягнеш, – адзначае кіраўнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.