І праз паўстагоддзя – аднакласнікі. Сустрэліся выпускнікі Альхоўскай СШ Ляхавіцкага раёна

Яны ўсё такія ж хлопцы і дзяўчаты, толькі на паўстагоддзя старэйшыя. Але з першага позірку, з першых слоў прывітання пазнаюць адзін аднаго, нягледзячы на тое, што некаторыя не бачыліся не адно дзесяцігоддзе. У мінулую суботу праз 50 гадоў пасля заканчэння сярэдняй школы прызначылі спатканне з юнацтвам выпускнікі Альхоўскай СШ 1974 года. Гэтай навучальнай установы на карце адукацыйнай прасторы Ляхавіччыны даўно няма, таму вечар сустрэчы адбыўся ў Ляхавічах. Спатканне прызначылі ў гарадскім парку па вуліцы Леніна.

На гадзінніку 14.30. На лавачцы святочна апранутыя жанчыны і мужчыны разглядваюць школьны фотаздымак і з усмешкамі ўзгадваюць сваіх аднакласнікаў.
– Наш выпуск – гэта два класы агульнай колькасцю 43 чалавекі. Класнымі ў нас былі Галіна Плаўская і Валянціна Жытко. Нават не верыцца, што праляцела столькі дзесяцігоддзяў. Здаецца, толькі ўчора быў развітальны выпускны, – гаворыць Людміла Бурба, якая прыехала з Баранавічаў. Дарэчы, сённяшняя геагра-
фія пражывання выпускнікоў даволі шырокая: Ляхавічы, Баранавічы, Мінск, Наваполацк, Масква…


Калісьці на працягу ўсёй школьнай пары кожную раніцу, акрамя выхадных і канікулаў, спяшаліся хлопчыкі і дзяўчынкі з Гукова, Падбарочча, Нівішча, Залужжа, Крывога Сяла, Вялікага Гарадзішча, Гасцілавічаў, Вадзяціна, Пад’язаўля за ведамі ў родную школу.
– Дабіраліся ў асноўным пешшу. З Падбарочча нам было не вельмі блізка, затое весела, бо ішлі гуртам. У каго быў веласіпед, у цёплую пару ездзілі на ім. Іншы раз падвозілі і на возе, – успамінае Аліна Сяргей, якая да выхаду на пенсію працавала поварам у Тальмінавіцкім дзіцячым садку.
Размову падхопліваюць Міхаіл Янушкевіч і Аляксандр Жытко, абодва з Гукова, а цяпер жывуць у Баранавічах, працавалі вадзіцелямі.
А кола тых, хто прыйшоў-прыехаў на доўгачаканую сустрэчу, усё пашыралася. «Ты ўсё такі ж, Сашка, толькі пасівеў!», «Рая, як была вясёлая, так і сёння ўсё ўсміхаешся»,
«А Ірку здалёк пазнала!», «Зойка, зусім не мяняешся, прыгажэеш усё!» – то тут, то там. Цёплыя абдымкі, шчырыя словы, успаміны не спыняліся ні на хвіліну. Паспявалі расказаць і пра свае лёсы, сем’і, работу, клопаты і, канешне, успаміналі аднакласнікаў і любімых настаўнікаў – Канстанціна Яраша, Івана і Лізавету Вялічкаў, Рамуальду Сліва і іншых. Ды і першае каханне ў многіх звязана са школай. А для некаторых аднакласнікі сталі другой палавінкай на ўсё жыццё. На сустрэчу з аднакласнікамі прыехалі сямейныя пары Людмілы і Міхаіла Янушкевічаў, Ірыны і Аляксандра Шодаў.
Розныя прафесіі выбралі колішнія выпускнікі Альхоўскай СШ: настаўнік і медык, повар і вадзіцель, будаўнік, прадавец, тэхнолаг…
– Да выхаду на пенсію працавала выкладчыкам матэматыкі і фізікі ў Ляхавіцкім аграрным каледжы. Стала настаўнікам, бо мне вельмі падабаліся педагогі нашай школы. Яны любілі нас, вучняў, а мы паважалі іх, давяралі, прыслухоўваліся да іх меркаванняў, – разважае Ірына Бортнік.
Усяго на прызначанае спатканне сабраліся 20 чалавек – такіх розных, але аб’яднаных успамінамі і любоўю да школы і школьных сяброў, сваёй малой радзімы.
– А калі, як не цяпер – праз паўвека! Усё так хутка атрымалася. Патэлефанавала аднаму аднакласніку, другому. А далей разляцелася навіна! Толькі паспявалі на тэлефонныя званкі адказваць. Нашы класы былі заўжды дружныя. Таму спатканне і адбылося, – адзначае адзін з ініцыятараў сустрэчы Зоя Ліхач.
Галіна КАНЬКО.