За залатых і іншых юбіляраў! Аддзел загс Ляхавіцкага райвыканкама інфармуе

За шэсць месяцаў на Ляхавіччыне зарэгістравана нараджэнне 36 хлопчыкаў і 28 дзяўчынак. Першынец нарадзіўся ў 24 сем’ях, другое дзіця – у 29, трэцяе – у сямі. У дзвюх сем’ях зарэгістравана чацвёртае дзіця, у адной – пятае і яшчэ ў адной – восьмае.
Самымі маладымі ў першым паўгоддзі сталі 18-гадовыя бацькі, максімальны ўзрост бацькі – 44 гады, маці – 43 гады. Найбольш папулярнымі ў нованароджаных хлопчыкаў былі імёны Арцём, Уладзіслаў, Дзмітрый, Арсеній і Багдан. Дзяўчынак часта называлі Ганнай, Аляксандрай, Верай, Ясеніяй і Адэлінай. Рэдкія імёны сярод хлопчыкаў – Марат, Мірон, Цімафей і Ян, сярод дзяўчынак – Альберта, Амелія, Ева, Зульфія, Тавіфа і Эмілія.
Упершыню ўступілі ў шлюб 27 пар, паўторна марш Мендэльсона гучаў
для 18 жаніхоў і 23 нявест. Максімальны ўзрост жаніха – 69 гадоў, нявесты – 70. Самы малады жаніх – 20-гадовы, нявеста – 19-гадовая.
Сярод тых, хто скасаваў шлюб у загсе, самым кароткім быў саюз, што пратрымаўся 3 месяцы і 26 дзён, а самым доўгім аказаліся адносіны, якія доўжыліся 19 гадоў 9 месяцаў і 17 дзён.
За першае паўгоддзе ў органы загса раёна паступіла 919 заяў аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, па выніках разгляду якіх прынята 1 198 рашэнняў. Усяго выдадзена 1 198 дакументаў аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, у тым ліку 937 аддзелам загса і 261 сельвыканкамамі.
Аддзел загса райвыканкама цесна супрацоўнічае з калегамі з іншых раёнаў, архівамі і дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца прадастаўленне звестак, неабходных для разгляду заяў на аснове заяўнага прынцыпу «адно акно». Так, з пачатку года ім накіравана 78 запытаў. У рамках аказання прававой дапамогі насельніцтву ў кампетэнтныя органы іншых дзяржаў адпраўлена 13 запытаў. Выканана 210 запытаў дзяржаўных органаў, арганізацый, устаноў.
У аддзеле загса заручальнымі пярсцёнкамі абменьваюцца
не толькі тыя, хто ўпершыню ўступае ў шлюб, але і юбіляры: у першым паўгоддзі адбылося пяць урачыстых цырымоній рэгістрацыі залатога, сярэбранага і ізумруднага вяселляў.
Са студзеня па чэрвень зроблена 11 заключэнняў па ўнясенні змяненняў, дапаўненняў, выпраўленняў у запісы актаў грамадзянскага стану. Таксама разгледжаны дзве заявы
аб перамене прозвішча, уласнага імя і імя па бацьку.
Выдадзена, выслана 688 даведак, якія змяшчаюць звесткі з запісаў актаў грамадзянскага стану, пра запіс акта грамадзянскага стану, паведамленняў аб адсутнасці запісу акта. У аддзеле загса штодня ажыццяўляецца папярэдняе кансультаванне грамадзян па пытаннях рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, выдачы даведак і іншых дакументаў. У працоўныя дні
па нумары 2-16-58 працуе тэлефон гарачай лініі, на якую звяртаюцца грамадзяне з пытаннямі даведачна-кансультацыйнага характару.
Вольга НОВІК,
начальнік аддзела загса райвыканкама.