Камбайн і сеялка. На гэтым тыдні аграрыі Ляхавіцкага раёна распачалі сяўбу азімага рапсу

У чарадзе летніх і не толькі месяцаў жнівень адрозніваецца ўласцівымі толькі яму адметнасцямі. Адна з іх заключаецца ў тым, што толькі на пачатку апошняй трэці каляндарнага лета на сельскагаспадарчым палетку можна адначасова сустрэць і збожжаўборачны камбайн, і пасяўны агрэгат.
Да сяўбы азімага рапсу раён у асобе ААТ «Жарабковічы» прыступіў 5 жніўня. Вынікам першай спробы сталі 10 гектараў засеянай плошчы. На наступны дзень жарабковіцкія сейбіты спрацавалі з прыкладна такой жа прадукцыйнасцю. А ўжо 7 жніўня пасяўная тэхніка была заўважана на палетку ААТ «Шлях новы». На момант пачатку сяўбы ў абедзвюх гаспадарках вяліся збожжаўборачныя работы.
– Аптымальным пасяўным перыядам для рапсу лічыцца час з 8 па 15 жніўня.
З улікам значных аб’ёмаў работ, а пасяўныя плошчы азімага рапсу ў нас складуць 500 гектараў, пачалі некалькі раней. І пры максімальна высокай якасці, тэхналагічнасці работ справіцца з задачай мяркуем да 24 жніўня, – разважае на ўскрайку поля дырэктар ААТ «Шлях новы» Андрэй Коктыш.
Той факт, што з алейнай культурай у гаспадарцы працаваць умеюць, пацвярджаецца ў тым ліку і вынікамі яе нядаўняй уборкі. У гэтым годзе кожны з 500 убраных гектараў даў у сярэднім больш за
59 цэнтнераў насення.
А, памятаецца, яшчэ зусім нядаўна і тры тоны насення на круг лічыліся нядрэннай ураджайнасцю. Па словах Андрэя Коктыша, частка намалочанага «чорнага золата палёў» пайшла на выкананне задання па лініі дзяржаўнага заказу, а каля тысячы тон былі адпраўлены на размешчаныя на тэрыторыі Брэсцкай вобласці перапрацоўчыя прадпрыемствы.
– Выгада такога кроку яшчэ і ў тым, што ў залік пастаўленага насення ў гаспадаркі ёсць магчымасць атрымліваць назад пабочны прадукт яе перапрацокі – рапсавы шрот. А ён уяўляе сабой высокабялковы кармавы кампанент, які толькі на карысць у рацыёне буйной рагатай жывёлы, падымае яе вытворчы патэнцыял, павялічвае паказчыкі прадукцыйнасці, – працягвае дырэктар.
Перад тым, як дазволіць пасяўным агрэгатам выхад у поле, аграрыі «Шляху новага» як належыць уклаліся ў падрыхтоўку пасяўных гектараў. У тым ліку і ў плане павышэння іх урадлівасці:
у глебу быў унесены комплекс прадугледжаных мінеральных удабрэнняў: калій, фосфар, азот з утрыманнем такога складніка як сера. А да таго стаяла пытанне адносна выбару палёў – і каб мець час на іх пасляжніўную падрыхтоўку, і каб расліна-папярэднік з’яўлялася для рапсу спрыяльным спадарожнікам.
Выбар трапіў на ўгоддзі, дзе сёлета каласіўся азімы і яравы ячмень.
Для важкасці фінішнага выніку вялікае значэнне мае і выбар гібрыдаў насення. І каб дасягнуць найлепшай гармоніі апошніх з характарыстыкамі глебы, і каб прадугледзець паслядоўнасць – пачарговасць – наступлення тэрмінаў паспявання і, адпаведна, уборкі гатовага рапсу.
Пад азімую пасяўную-2024 у «Шляху новым» вызначана шэсць гібрыдаў алейнай сельгаскультуры. З уласцівасцямі наступлення ранняга, сярэдняга і позняга тэрміну паспявання.
Як вядома, насенне рапсу трымае параўнальна высокі цэннік на рынку, аднак, і ў вырошчванні не з’яўляецца простым, патрабуе ад вытворцаў шэрага зусім не танных выдаткаў.
– З мэтай выхаду на высокі ўраджай неабходна працаваць з рэгулятарамі росту. Рапс на працягу ўсяго цыкла вырошчвання патрабуе да сябе істотнай увагі. У тым ліку, не менш за дзясятак рознага кшталту апрацовак, – тлумачыць аграхімічны расклад Андрэй Коктыш.
Размова з кіраўніком «Шляху новага» праходзіла пад перыядычны акампанемент працуючай на полі «пасяўной пары». З мэтай больш далікатных суадносін з глебай МТЗ быў абсталяваны спаранымі коламі задняй восі. Старая добрая СПУшка ўтрымлівала прыкметы нядаўняга рамонту. Кіраваў комплексам Алег Клімовіч (на здымку). Для вопытнага механізатара сяўба – справа не новая, з’яўляецца адным з пунктаў яго хлебаробскай спецыялізацыі.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА