Будаўнік – прафесія сямейная. Сёння ў Беларусі – Дзень будаўніка. Яго адзначаюць і працаўнікі Ляхавіцкай ПМК-13

Калісьці на Ляхавіччыне дзейнічала некалькі будаўнічых арганізацый, а таксама прадпрыемствы, дзе сярод іншых галін вытворчасці прысутнічала будаўнічая. Са старажылаў цяпер засталося толькі УБП «ПМК-13» ААТ «Пінсксаўгасбуд», якое было заснавана ў 1968 годзе.

Нягледзячы на істотныя пераўтварэнні, што адбыліся за больш чым паўвека, прычым не заўжды станоўчыя (зараз тут працуе 69 чалавек, а былі часы, калі работнікаў налічвалася каля паўтысячы), арганізацыя прадаўжае мірнае стварэнне: будуе, рамантуе, рэканструюе дамы, вытворчыя і сацыяльныя аб’екты. Па-ранейшаму аснова ўсяго – тутэйшыя працаўнікі. Асіповічы, Маслоўскія, Даўгаполы, Булатыя, Гарбузавы, Пастарнакевічы, Рамейкі – няпоўны пералік сямейных
дынастый, чый працоўны шлях звязаны з ПМК-13.
Пазнаёмімся з некаторымі з іх. Сёлета 5 ліпеня 20-годдзе працоўнай дзейнасці адзначыла тынкоўшчык-маляр IV разраду Юлія Маслоўская. Пасля заканчэння будаўнічага вучылішча  ў ПМК-13, з таго часу ў яе працоўнай кніжцы ўсё яшчэ адзін запіс аб прыняцці на работу.
– Канешне, работа не з лёгкіх, але ж сама выбірала. У першыя дні самастойнай работы ўспамінала практыку, назірала, як працуюць больш вопытныя члены брыгады. Паступова налаўчылася, ды і вопыт сваю ролю адыгрывае – куды хутчэй і лепш усё атрымліваецца, –
расказвае Юлія Маслоўская.
Для яе ПМК-13 не толькі месца работы, але і старт у сямейнае жыццё. Менавіта тут яна пазнаёмілася са сваім будучым мужам Андрэем – матарыстам растворабетоннага вузла.
– Андрэй Маслоўскі – прыклад майстра сваёй справы і вельмі адказнага работніка. Каб забяспечыць брыгады на аб’ектах растворам бетону, яму даводзіцца іншы раз прыязджаць на работу да шасці гадзін раніцы. Ніколі не пачулі ад яго адмову – трэба, значыць, трэба. Ён па вытворчай неабходнасці выходзіць працаваць і ў выхадныя, і ў святочныя дні, – гаворыць вядучы інжынер-дыспетчар ПМК-13 Віктар Асіповіч.
Юля – з Малога Гарадзішча, Андрэй – з Задвор’я, цяпер яны разам з двума сынамі жывуць у Ляхавічах. Муж і жонка сцвярджаюць: калі бываюць у мікрараёне вуліцы Інтэрнацыянальнай у райцэнтры, заўсёды атрымліваюць асалоду ад таго, што амаль ва ўсіх мясцовых шматкватэрніках ёсць і часцінка іх працы – нялёгкай, але такой неабходнай.
Унутранае і вонкавае аздабленне памяшканняў квартала жылой забудовы ў гарадскім пасёлку Мачулішчы Мінскай вобласці, спартыўнага комплексу «Лябяжы» ў Мінску, малочнатаварный фермы
ў Карэліцкім раёне, мноства аб’ектаў на Ляхавіччыне – да ўсяго гэтага мае дачыненне тынкоўшчык-маляр ІІІ разраду Алена Маслоўская. Яна вось ужо 18 гадоў разам са сваімі калегамі па брыгадзе Юліяй Маслоўскай, Аленай Саўчук, Зояй Вітко, Наталляй Пашук, Таццянай Плескацэвіч, Ігарам Філіповічам працуе старанна, надзейна, па сумленні.
– Па прафесіі я швачка, але атрымалася так, што пайшла працаваць не па спецыяльнасці. Так што ўсяму, у тым ліку, як правільна трымаць шпаталь, вучылася на практыцы, лічу сваім настаўнікам Алену Стальмацкую. Не важна, што будуеш ці рамантуеш. Важна, як якасна і хутка ты гэта робіш. І яшчэ трэба, каб уся брыгада працавала
добра, бо вынік у нас адзін. Цяпер мы робім капітальны рамонт з рэканструкцыяй будынка былой школы ў Тальмінавічах, які будзе аб’ектам сацыяльнай службы, – адзначае Алена Маслоўская.
Муж Алены Генадзій – прадстаўнік ювелірнай рабочай прафесіі – токар, у будаўніцтве з 1995 года. Іх працоўны будаўнічы стаж на дваіх з жонкай у ПМК-13 складае 47 гадоў.
Выконваючы абавязкі інжынера па падрыхтоўцы кадраў ПМК-13 Віктар Булаты адзначае, што Генадзій Маслоўскі – незаменны
спецыяліст, які валодае ўнікальным інструментам – залатымі рукамі. Яго работа запатрабавана і пры рамонце тэхнікі, і пры будаўніцтве, дзе трэба, падправіць дэталі, напрыклад, той жа металачарапіцы і г. д.
Працавітыя і надзейныя, дбайныя, адказныя, руплівыя – такія прадстаўнікі сямейных будаўнічых дынастый. І не толькі. Стараецца ўвесь калектыў.
Сёлета работнікі ПМК-13 задзейнічаны на рэканструкцыі ачышчальных збудаванняў у Ляхавічах, капітальным рамонце шматкватэрнага дома ў Дарава-Чыж, рамонце стадыёна «Колас» у райцэнтры, рэканструкцыі будынка школы ў Тальмінавічах і іншых аб’ектах.
Напярэдадні прафесійнага свята – Дня будаўніка, які ў Беларусі адзначаецца ў другую нядзелю жніўня, «ЛВ» жадае работнікам ПМК-13, ветэранам галіны новых працоўных поспехаў у стваральнай будаўнічай справе, новых аб’ектаў і паспяховай працы, мірнага неба і шчасця, сямейнага дабрабыту.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.