Хлебны ўчастак. Ужо больш за месяц Рэйтанаўскі вытворчы ўчастак ААТ «Баранавічхлебапрадукт» працуе ў рэжыме хлебанарыхтоўкі

Ужо больш за месяц Рэйтанаўскі вытворчы ўчастак ААТ «Баранавічхлебапрадукт» працуе ў рэжыме хлебанарыхтоўкі. А гэта – прыкладна ў паўтара раза павялічаная колькасць работнікаў,
пераход асобных вытворчых структур падраздзялення на кругласутачную занятасць, паскораны рабочы пульс і многае іншае – пазаштатнае.

Аператар ЗСК Рэйтанаўскага вытворчага ўчастка
ААТ «Баранавічхлебапрадукт» Вадзім Траяноўскі (у цэнт
ры), вадзіцелі Вікенцій Бацкалевіч і Генадзій Лешык.
У Беларусі на 9 жніўня сабрана 6,7 мільёна тон зерня з улікам рапсу.
Уклад аграрыяў Брэсцкай вобласці ў рэспубліканскі каравай – 1,5 мільёна тон.
Ляхавіцкія хлебаробы намалацілі больш за 67 тысяч тон збожжа

На блізкім пад’ездзе да ўчастка адзначаеш адсутнасць чаргі аўтамабіляў на здачу хлеба.
– Паступленне збожжа актывізуецца бліжэй да сярэдзіны дня. Але, канешне, не да ранейшых памераў, калі хвост калоны аўтамабіляў іншы раз выходзіў на русінавіцкую трасу. Асноўная дастаўка ўраджаю палёў зараз ажыццяўляецца з дапамогай спецыяльных аўтазернявозаў. Адзін рэйс такой машыны параўнальны з чатырма-
пяццю звычайнымі сярэднімі аўтамабілямі. У гэтым і заключаецца адна з прычын адсутнасці чэргаў і марнавання ў іх часу вадзіцелямі, – тлумачыць кіраўнік вытворчага ўчастка Вадзім Козел.
Сярод адметнасцяў сёлетняга сезона хлебанарыхтовак ён называе ранні пачатак: першы дзясятак тон збожжа ўраджаю 2024 года тут прынялі 2 ліпеня, хоць звычайна ўсё пачынаецца толькі ў сярэдзіне месяца.
З пачаткам сезона да 22 пастаянных работнікаў вытворчага падраздзялення далучыліся 10 часовых. Пасады вагаўшчыкоў, пробаадборшчыкаў, грузчыкаў і іншыя занялі жыхары аграгарадка Русінавічы і навакольных вёсак, райцэнтра. Сярод іх студэнты, якім прадастаўляецца права сумясціць канікулярны адпачынак з магчымасцю папрацаваць на сваю кішэню. Але не толькі: напрыклад, зараз настаўніца Лізавета Папко адпачынак па асноўным месцы працы выкарыстала, у тым ліку, на часовую работу ў якасці тэхніка-лабаранта Рэйтанаўскага вытворчага ўчастка ААТ «Баранавіч-хлебапрадукт». Работа патрабуе ўвагі, адказнасці, ашчаднага падыходу. Але па словах Вадзіма Козела, паспяхова спраўляецца. Можа яшчэ і таму, што не навічок на ўчастку: прыходзіла сюды на падпрацоўку, будучы яшчэ студэнткай БарДУ.
Ці, напрыклад, сённяшняя студэнтка названай ВНУ Дар’я Козел. Работу на ўчастку дзяўчына пачынала, будучы старшакласніцай, а сезон-2024 з’яўляецца для яе чацвёртым заліковым.
Адной з вядучых на ўчастку лічыцца пасада аператара па апрацоўцы зерня – машыніста зернеачышчальна-сушыльных комплексаў. На момант нашага наведвання працэсам работы ЗСК кіраваў Вадзім Траяноўскі. Усяго ж аператараў-сушыльшчыкаў тры. Працуюць па восем гадзін, адзін за адным на працягу круглых сутак. Гэта ў тым выпадку, калі працэс сушкі праходзіць у штатным рэжыме. Напрыклад, не здараецца паломак тэхнікі. У такім выпадку не да адпачынку, даводзіцца праяўляць карпаратыўную салідарнасць, прыходзіць на выручку з мэтай паставіць складаны апарат у строй з максімальнай хуткасцю.
Работы на ЗСК працягваюцца па лістапад, калі дапрацоўваецца
зерне кукурузы. Затым перыяд міжсезонных рамонтна-рэгламентных работ – і ўсё наноў.
Сезон сёлетняй актыўнасці для Рэйтанаўскага вытворчага ўчастка пачынаўся з работы са збожжам азімага ячменю.
Прадоўжыўся паступленнем насення рапсу, фуражнай пшаніцы, жыта, трыцікале і іншага ўраджайнага багацця палёў. Паслугамі ўчастка, у прыватнасці, яго ачышчальна-сушыльнымі магутнасцямі карысталіся ААТ «Нача», ЗАТ «Фораланд», фермерскія гаспадаркі «Даманскае», «Вялікае Падлессе-агра», іншыя. Актыўным карыстальнікам паслуг участка з’яўляюцца прадпрыемствы Ганцавіцкага раёна. А аўтамабіль з абазначэннем вядомага не толькі ў Баранавіцкім раёне прадпрыемства «Дружба» мы ўбачылі ў момант яго знаходжання пад пробаадборнікам.
За працоўны дзень вытворчы ўчастак прымае каля двух з паловай дзясяткаў машын. У асноўным – спецыяльных аўтамабіляў-зернявозаў. Маса ўраджайнага паступлення апошнімі днямі актывізавалася, можа складаць і 800, і больш тон хлеба.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.