Заданне дзяржаўнай важнасці. На Ляхавіччыне аграрыі актыўна далучыліся да справы выключнай важнасці – прадаюць збожжа дзяржаве

Да заканчэння жніўнай кампаніі і да свята хлебаробаў – «Дажынак» – застаецца ўсё менш збожжавых плошчаў і часу. Як і раней, намалочаныя тоны збожжа новага ўраджаю папаўняюць не толькі засекі гаспадарак, але і адгружаюцца ў лік дзяржзаказу, выкананне якога – адна з найважнейшых задач для сельгаспрадпрыемстваў і гарантыя харчовай бяспекі краіны.

На Ляхавіччыне аграрыі актыўна далучыліся да справы выключнай важнасці – прадаюць збожжа дзяржаве. Што тычыцца планаў на 2024 год, то, як адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Наталля Грынкевіч, яны істотна не змяніліся ў параўнанні з леташнімі.
– Сёлета наступны расклад для Ляхавіцкага раёна па дзяржзаказе:
6 050 тон зерня, з яго 5 500 тон пшаніцы, 200 тон ячменю, 200 тон грэчкі, 150 тон проса. Акрамя таго, неабходна паклапаціцца пра запас не менш важных для харчовай бяспекі краіны культур: ляхавіцкім аграрыям трэба прадаць дзяржаве 1 800 тон піваварнага ячменю, 530 тон алейнага насення рапсу, 1 500 тон ільновалакна. Збожжа для дзяржзаказу паступае ў ААТ «Брэстхлебапрадукт» (пшаніца, ячмень, проса), ААТ «Баранавічхлебапрадукт» (пшаніца, грэчка), «Белсолад» (піваварны ячмень), Мінскі маргарынавы завод (алейнае насенне рапсу), Аршанскі льнокамбінат і ААТ «Гранітэкс» (ільновалакно),
ААТ «Пінскі камбінат хлебапрадуктаў» (грэчка). Абавязковая ўмова для зерня, якое паступае на прыёмныя пункты, – належная якасць, – адзначае Наталля Грынкевіч.
Першым з заданнем па пшаніцы справілася ЗАТ «Фораланд». Прычым перавыканала план: замест запланаваных 1 500 тон на ААТ «Баранавічхлебапрадукт» адгружана 1 769 тон, плюс яшчэ каля 200 тон на ААТ «Брэстхлебапрадукт». «Фораланд» справіўся і з продажам
алейнага насення рапсу. Самае ўнушальнае збожжавае заданне – 1 880 тон (1 800 тон пшаніцы, 50 тон ячменю, 30 проса), 1 170 тон піваварнага ячменю і 100 тон алейнага насення рапсу – у ААТ «Жарабковічы». Гэта сельгаспрадпрыемства б’е рэкорды па продажы
дзяржаве піваварнага ячменю: па факце ў залік дзяржзаказу паступіла 123 працэнты да плана. План па гэтай культуры перавыканала і ААТ «Шлях новы», дзе прададзена 490 тон
замест 470. А вось ААТ «Нача» трэба яшчэ пастарацца, каб не застацца ў аўтсайдарах па выкананні дзяржзаказу па піваварным ячмені (пакуль у наяўнасці 40 працэнтаў) і пшаніцы. Наталля
Грынкевіч са станоўчага боку адзначае выкананне дзяржзаказу СВК «Ляхавіцкі». Напрыклад, замест запланаваных 250 тон пшаніцы ў засекі дзяржавы адпраўлена 946 тон, перавыкананы план па ячмені і алейным насенні рапсу.
Варта браць прыклад з гаспадарак-лідараў СУП «Белазем’е», дзе пакуль слаба ідзе продаж пшаніцы. Пакуль выканана заданне толькі па алейным насенні рапсу – 155 працэнтаў. Трэба паскорыць тэмпы і СУП «Ліпнянка».
Ёсць у агульнараённым паказчыку і доля фермерскіх гаспадарак: «Вялікае Падлессе-агра» павінна прадаць 150 тон пшаніцы ААТ «Брэстхлебапрадукт».
Па даных райсельгасхарчу, па стане на 9 жніўня, ляхавіцкімі сельгасвытворцамі прададзена дзяржаве 3 092 тоны збожжа (без уліку піваварнага ячменю і алейнага насення рапсу), а гэта 51 працэнт да плана.

Галіна КАНЬКО.