З перспектывай замацавацца на Ляхавіччыну размеркаваліся 7 урачоў і 18 прадстаўнікоў сярэдняга медыцынскага персаналу

Першы дзень жніўня для Ляхавіцкай райбальніцы асаблівы. Традыцыйна менавіта з гэтай даты штогод у вялікую медыцынскую сям’ю ўліваецца маладое кадравае папаўненне. Прапануем чытачам «ЛВ» пазнаёміцца з тымі, хто будзе стаяць на варце здароўя жыхароў Ляхавіччыны.

Сярод медыкаў, якія прыйшлі сёлета на першае працоўнае месца, і загадчык Навасёлкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Ілья Несцяровіч, памочнік урача Ганна Жданюк

Кожны працоўны дзень маладога загадчыка Навасёлкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Ільі Несцяровіча (на здымку) распісаны, лічы, памінутна. Раніцай ён спяшаецца ў Ляхавіцкую райбальніцу, дзе працуе ўрачом. А потым у аграгарадок Навасёлкі, на сваё асноўнае працоўнае месца.
– Усё ў поўным парадку. У першыя дні самастойнай працы крыху адчувалася напружанасць, але паступова ўсё прыходзіць у нармальнае рэчышча. Галоўнае, што мне падабаецца работа, а вопыт – справа нажыўная, –
адзначае выпускнік Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ілья Несцяровіч.
Дарэчы, ўрач не адзіны малады спецыяліст, які гэтымі днямі пачаў адлік працоўнай біяграфіі ў Навасёлкаўскай АУАП. Памочнікам урача тут пачала працаваць выпускніца Пінскага медкаледжа Ганна Жданюк.

Старшы інспектар аддзела кадраў УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Лілія Максімчык расказала, што ў розныя падраздзяленні размеркаваны пасля заканчэння вышэйшых навучальных медыцынскіх устаноў і прыступілі да работы сем урачоў. Трое з іх узначалілі амбулаторыі ўрача агульнай практыкі – Ганчароўскую, Навасёл-каўскую і Крывошынскую. Па адным маладым спецыялісце размеркавана ў хірур-гічнае і неўралагічнае аддзяленні бальніцы і аддзяленне анес-тэзіялогіі і рэанімацыі. У стаматалагічным аддзяленні паліклінікі стала больш на аднаго стаматолага-тэрапеўта.
Кацярына Харытановіч – выпускніца Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта,
загадчык Крывошынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Дарэчы, як і яе калега Наталля Чаранкевіч (загадчык Ганчароўскай АУАП) вучылася ў ВНУ па мэтавым накіраванні ўпраўлення аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкама, а інтэрнатуру праходзіла ва ўстановах аховы здароўя Ляхавічаў і Баранавічаў.
– Яшчэ падчас інтэр-натуры прыглядвалася да Ляхавіцкай райбаль-ніцы. Падумала, чаму б не паспрабаваць менаві-та тут самастойна працаваць урачом. Прапанавалі ўзначаліць Крывошынскую амбулаторыю ўрача агульнай практыкі. Згадзілася! Так, участак вялікі – каля 1 300 чалавек, але паспела ўжо зразумець: калектыў хоць і невялікі, але ў нас зладжаная каманда медработнікаў. Ды і прынялі мяне добразычліва. Кіраў-ніцтва райбальніцы заўжды гатова дапамагчы і парадай, і практычна. За першыя некалькі дзён прыняла каля дзясятка пацыентаў. Спадзяюся, што ўсё атрымаецца. Пакуль усім задаволена. Зараз збіраю дакументы на атрыманне
арэнднага жылля,
– адзначае Кацярына Харытановіч.
Канешне, сёлетняе папаўненне маладых спецыялістаў істотна не вырашыць кадравы ўрачэбны недахоп. Таму для адміністрацыі Ляхавіцкай ЦРБ асабліва важна арганізаваць работу маладых спецыялістаў так, каб яны прадоўжылі на Ляхавіччыне сваю працоўную біяграфію.
Больш унушальнае папаўненне ў радах сярэдняга медыцынскага персаналу. 18 сёлетніх выпускнікоў медыцынскіх каледжаў прыступілі да работы на першым працоўным месцы.
З іх пяць – медыцынскія сёстры неўралагічнага, хірургічнага аддзяленняў бальніцы, прыёмнага пакоя бальніцы. Першыя самастойныя крокі ў прафесіі робяць тры фельчары-лабаранты клініка-дыягнастычнай лабараторыі, столькі ж – у аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі. Найбольш папоўніліся рады памочнікаў урача. Так, для памочніка ўрача агульнай практыкі Марыі Русакевіч многае ў рабоце знаёмае. Яна старалася добра вучыцца ў Слонімскім медыцынскім каледжы і ўважлівала назірала, як працуюць вопытныя медсёстры, калі праходзіла практыку. Дарэчы, сястра Марыі таксама працуе ў Ляхавіцкай райбальніцы.
– Яшчэ ў старэйшых класах, а вучылася ў СШ № 1 горада Ляхавічы, вырашыла што буду паступаць у медкаледж. Па спецыяльнасці я фельчар-акушэр і памочнік урача. Прапаноўвалі розныя месцы работы, але чамусьці больш па душы быць памочнікам урача. Мае абавязкі – выпісваць рэцэпты, выязджаць з урачом на неадкладныя выклікі, сабіраць анамнез пацыента, уносіць даныя ў амбулаторныя карткі. Паспела палюбіць сваю работу, калі была на практыцы, дарэчы, праходзіла яе ў розных установах аховы здароўя Баранавічаў, а вось пераддыпломную практыку – у Ляхавічах. Мне вельмі камфортна працаваць пад кіраўніцтвам урача Улады Цалевіч. І ўвогуле, сустрэлі ў калектыве мяне вельмі ветліва, – расказвае малады спецыяліст Марыя Русакевіч.
– Канешне, вельмі важны і мікраклімат у калектыве, камандны дух. Як і тое, як малады спецыяліст на сваім працоўным месцы можа прымяніць веды і практычныя навыкі, што атрымаў падчас вучобы і інтэрнатуры. Таму стараемся ствараць для маладых калег доб-рыя ўмовы, як для работы, так і адпачынку, – падкрэслівае выконваючы абавязкі галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Руслан Курыловіч.
Што тычыцца матэрыяльнага стымулявання маладых спецыялістаў-медыкаў, то тут таксама нямала бонусаў. У першую чаргу, размова пра ўсе выплаты, якія прадугледжаны заканадаўствам, у тым ліку і пад’ёмныя.
– Надбаўкі да заработнай платы маладым спецыялістам складаюць 30 працэнтаў аклада. Акрамя таго, у калектыўны дагавор, які дзейнічае ў ЦРБ, уключаны пункт аб прадастаўленні жылля. Калі няма магчымасці маладому спецыялісту прадаставіць жыллё, у тым ліку арэнднае, ці ён не згодны на месца ў інтэрнаце, то работніку выплачваецца штомесячна ці квартальна (на выбар) кампенсацыя за здыманне жылля. Кожны з навабранцаў-медыкаў разам з першым месцам атрымлівае і аднаразовую матэрыяльную дапамогу на першапачатковае бытавое ўладкаванне, – расказвае старшыня прафсаюзнай пярвічкі Ляхавіцкай ЦРБ Сяргей Памазанскі.
– Старанныя, амбіцый-ныя, дапытлівыя, не саромеюцца вучыцца, уважлівыя, імкнуцца дакладна і якасна выконваць свае прафесій-ныя абавязкі і, бадай галоўнае, адчуваецца, што выбраная прафесія ім падабаецца, – характарызуе маладых калег намеснік галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Міхаіл Куляшоў. – Важна, каб яны замацаваліся на першым працоўным месцы і засталіся тут і далей. Прыкладзём усе намаганні і створым такія ўмовы, каб моладзь удасканальвалася ў прафесіі, пераймала вопыт і, канешне, дастойна прадоўжыла традыцыі сваіх папярэднікаў – медработнікаў Ляхавіч-чыны.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сярод медыкаў, якія прыйшлі сёлета на першае працоўнае месца, і загадчык Навасёлкаўскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Ілья Несцяровіч, памочнік урача Ганна Жданюк