Справіўся? Дапамажы суседу! Так на хлебнай ніве працуюць ляхавіцкія хлебаробы

Дружна, дапамагаючы адзін аднаму, на хлебнай ніве працуюць ляхавіцкія хлебаробы.

Такая падтрымка дарагога вартая. Першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык адзначае, што кіраўніцтва сельгасарганізацый нават не разглядала іншых варыянтаў – было гатова дапамагчы на ўборцы збожжавых сваім калегам – сельгаспрадпрыемствам. Бо гэта задача дзяржаўнай важнасці – без страт убраць вырашчаны ўраджай. Прычым некаторыя гаспадаркі высадзілі свае працоўныя дэсанты па палетках іншых сельгасарганізацый да завяршэння ўборачнай кампаніі.
Геаграфія жніўнай дапамогі разнастайная. На працягу двух дзён камбайны з ААТ «Шлях новы» дапамагалі ўбіраць ўраджай СУП «Белазем’е» і ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Як толькі справіліся з уласнымі збожжавымі палеткамі аграрыі СВК «Ляхавіцкі», тут жа накіраваліся на бітву за ўраджай у ААТ «Жарабковічы». І з пастаўленай задачай чатыры экіпажы камбайнаў справіліся за два дні. «Жарабковічы» працягнулі руку дапамогі сваім суседзям – у агульнагаспадарчым намалоце ААТ «Нача» ёсць і заслуга жарабковіцкіх камбайнераў – 10 экіпажаў, якія ўбіралі начаўскі ўраджай. Прычым дапамога не абмежавалася толькі плённай працай на ўборцы збожжа. У сувязі з тым, што зернесушыльныя комплексы ААТ «Нача»
не спраўляліся з аб’ёмамі работ, кіраўніцтвам гаспадаркі было прынята рашэнне прасіць дапамогі ў суседзяў, і «Нача» яе атрымала: частка начаўскага збожжа высушана на ЗСК «Жарабковічаў».
– Як жа не дапамагчы. Мы ж суседзі, робім адну справу –
клапоцімся пра харчовую бяс-пеку краіны. Сёння дапамаглі нам, а заўтра наша дапамога спатрэбіцца іншым. Па-іншаму і быць не павінна, – сцвярджае дырэктар ААТ «Жарабковічы» Андрэй Новік.

Галіна КАНЬКО.