Дзеці збіраюць партфель. Дзе ў Ляхавічах набыць усе неабходнае да школы?
У жніўні адзін з самых хадавых тавараў на рынку
і ў магазінах – канцылярскія прылады і школьная форма. Для большасці бацькоў пачынаецца цяжкая пара,
бо заўсёды з хваляваннем праходзяць набыццё формы, партфеля, сшыткаў, нават ручак і алоўкаў – усяго таго, што робіць звычайнае дзіця сапраўдным школьнікам.
Нягледзячы на тое, ідзе сын ці дачка ў першы клас ці ўжо даўно перасягнуў узрост малышоў, дарослым усё роўна давядзецца нямала пастарацца, каб прымальна для сямейнага бюджэту купіць усё неабходнае. Бацькі прыкладаюць пошукавыя і фінансавыя намаганні, каб адправіць дзяцей за ведамі ў «поўным узбраенні».
Сучасная і на розныя густы школьная форма, камфортны абутак, пісьмовыя прылады, партфелі і многае іншае, што спатрэбіцца і першакласнікам, і выпускнікам, у вялікім асартыменце паступаюць у буйныя спецыялізаваныя гандлёвыя цэнтры, магазіны і, безумоўна, на школьныя кірмашы, якія па ўсёй краіне пачалі традыцыйна працаваць яшчэ напрыканцы ліпеня. А што на Ляхавіччыне? За некалькі тыдняў да Дня ведаў «ЛВ» пацікавіўся, як здаюць экзамен на падрыхтаванасць да навучальнага года – чым сустракаюць дзяцей і іх бацькоў гарадскія і сельскія магазіны рознай формы ўласці, павільёны Белсаюздруку, кірмаш.
Як «базараць» у Ляхавічах? На гарадскім кірмашы тое-сёе з адзення для школы з’яўляецца ў павільёнах індывідуальных прадпрымальнікаў. Не сказаць, што выбар шырокі. Наступны аб’ект – павільён «Школьны базар» ад Ляхавіцкага райпо на перадрыначнай плошчы. Як узгадвалася на тэлеграм-канале Першы рэгіён, гэта гандлёвае месца на перадрыначнай плошчы ў Ляхавічах павінна працаваць з суботы 27 ліпеня і кожную суботу – нядзелю жніўня. Працаваць школьны кірмаш пачаў 7 жніўня. Што з асартыментам? Ён, мякка кажучы, сціплы.
Яшчэ і сёння некаторыя бацькі з настальгіяй узгадваюць магазін «Дзіцячы свет «Аліса», дзе можна было набыць літаральна ўсё для школы – ад алоўкаў да верхняга адзення. Цяпер на месцы «Алісы» магазін гандлёвай сеткі «Марк Фармэль». Так, там ёсць выбар, у асноўным бялізны, кашуль. У пошуку адзення можна параіць бацькам зазірнуць у павільёны ў гандлёвых цэнтрах «1паверх», «Маяк». Дарэчы, у «Маяку» нядрэнны выбар кашуль, фартушкоў, касцюмаў, сукенак. Напэўна, на гэтым пералік гандлёвых кропак заканчваецца. А калі ўлічыць, што ў 2024/2025 навучальным годзе за школьныя парты на Ляхавіччыне сядуць больш за 2 300 хлопчыкаў і дзяўчынак, то, зразумела, ляхавіцкая прапанова адзення і абутку яўна не задаволіць спажывецкі попыт. Магчыма, райпо плануе пашырыць асартымент прапаноўваемага школьнага абутку і адзення? За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў раённае спажывецкае таварыства.
– Спецыялізаванага магазіна для продажу тавараў школьнага асартыменту ў райпо няма. Але ў кожным аграгарадскім магазіне і большасці гарадскіх (напрыклад, па вуліцах Інтэрнацыянальнай, Леніна, 28, магазіне «ПраЗапас» і іншых) арганізавана работа кутка школьніка, асноўная напаўняльнасць якога – канцылярскія тавары. Будуць папаўняцца таварамі і райпоўскі ралет на гарадскім рынку, і магазіны, дзе арганізаваны традыцыйныя куткі школьніка, – адзначае начальнік аддзела гандлю і грамадскага харчавання райпо Вольга Якавенка.
Дарэчы, райпо прапануе і прыемны бонус. На любы тавар мінулагодніх асартыментаў, які прадаецца ў павільёне на перадрыначнай плошчы, прадугледжана 50-працэнтная скідка. Тычыцца гэта толькі адзення, абутку, рукзакоў.
Ад чаго вочы вельмі разбягаюцца ў магазінах рознай формы ўласнасці, дзе прадаецца школьны асартымент, дык ад разнастайнасці канцылярскіх тавараў, якая сапраўды ўражвае. Выбар алоўкаў, ручак, фламастараў, фарбаў, партфеляў самы разнастайны, як і кошт.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.