Якія людзі! Сёння на Ляхавіччыне — «ДАЖЫНКІ»!
●Для гэтых людзей не шкада самых гучных эпітэтаў. Надзейныя, моцныя і трывалыя, майстры сваёй справы! Гэта менавіта пра такіх кажуць – на іх зямля трымаецца
Для кагосьці гэты ўборачны сезон быў дэбютным, а хтосьці размяняў на жніве не першы дзясятак гадоў. Для «Ляхавіцкага весніка» многія камбайнеры, вадзіцелі, аператары ЗСК за сезон сталі добрымі знаёмымі, за чыімі прафесійнымі дасягненнямі зацікаўлена сочаць і газетчыкі, і чытачы раёнкі.
Сёння ў хлебныя засекі адпраўлена больш за 70 тысяч тон збожжа з палёў Ляхавіччыны.
У гэтай лічбе – адказная і самаадданая праца многіх землякоў.
Дзякуй нашым хлебаробам! І тым, чые прозвішчы сёння прагучаць са сцэны раённых «Дажынак». І тым, хто па розных прычынах застаўся па-за жніўным п’едэсталам, але сваёй працай заслужыў павагу і аўтарытэт сярод калег. І ўсім, хто на жніве працаваў ад світанку да змяркання, не лічыўся з уласным часам, адклаў на пасляўборачны час важныя дамашнія справы, сямейныя святы і дні нараджэння, у тым ліку ўласныя.
Асобныя словы захаплення – працаўнікам
ЗАТ «Фораланд», якое яшчэ зусім нядаўна працавала ў статусе фермерскай гаспадаркі і ў гэтым спаборніцтве выступала па-за конкурсам. Але – і гэта бясспрэчна – паказала вышэйшы майстар-клас і напісала адну з самых яркіх старонак у сёлетнім жніўным летапісе Ляхавіччыны!
А ён, без перабольшання, змястоўны і прыгожы, створаны агульнымі намаганнямі. У полі побач з работнікамі сельскай гаспадаркі – студэнты і пенсіянеры, прадстаўнікі розных прафесій, у звычайным жыцці далёкіх ад аграрных: настаўнік, повар, супрацоўнікі аддзела па надзвычайных сітуацыях, работнікі лясгаса…
Тры экіпажы сярод сямейных – з жаночым удзелам! Марта Граблюк восьмы сезон працавала ў СВК «Ляхавіцкі» на камбайне з бацькам.
А Дар’я Касміна і Алена Лепяшко ўсё жніво старанна шчыравалі побач са сваёй сямейнай паловай. Ніхто не скажа, што працавалі горш за мужчын!
А колькі людзей рабілі усё магчымае, каб хлебаробы
маглі сканцэнтравацца на сваёй архіважнай справе, – ад повараў і самадзейных артыстаў да прафсаюзаў і кіраўнікоў гаспадарак.
І, канешне, сем’і, якія падтрымлівалі, цярпліва чакалі і перажывалі за поспехі сваіх хлебаробаў.
Усіх з «Дажынкамі»!