Майстар-клас на маршруце «поле – зерняток». Пра ўборачную-2024 расказвае намеснік старшыні Ляхавіцкага райвыканкама
Здаецца, зусім нядаўна пачаўся адлік жніўных дзён, а ўжо сёння аграгарадок Нача гасцінна сустракае гасцей на раённым фестывалі-кірмашы «Дажынкі-2024». Крыху больш чым месяц спатрэбілася хлебаробам Ляхавіччыны, каб паставіць фінальную кропку ў сёлетнім жніве. Якую адзнаку атрымала жніўная кампанія? Наколькі важкім урадзіў колас? Ці ўсе спадзяванні спраўдзіліся? Хто паказаў сапраўдны хлебаробскі майстар-клас? Што ў бліжэйшых планах? На пытанні адказвае першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Васілій Пыжык.
– Васілій Мікалаевіч, якой была сёлета збожжаўборачная кампанія?
– Пачну з таго, што жніво-2024 для Ляхавіччыны стала па многіх аспектах асаблівым. Па-першае, уборка збожжа сёлета пачалася на дзесяць дзён раней, чым, напрыклад, леташняя кампанія. На мінулагоднім жніве па стане на 13 жніўня было ўбрана
70 працэнтаў збожжавых, сёлета на гэту дату маем стапрацэнтны вынік.
Упершыню ў нашым раёне на жніве перасягнуты трохтысячны намалот збожжа адным камбайнам. Прычым адразу два экіпажы камбайнераў з ЗАТ «Фораланд» у складзе Аляксандра Ярашэвіча і Аляксея Рамановіча, Віктара і Пятра Валчэцкіх дасягнулі такой высокай планкі. Яшчэ адзін герой хлебнай нівы – вадзіцель ААТ «Шлях новы» Мікалай
Царык, ён перавёз з улікам рапсу па маршруце «поле – зерняток» звыш чатырох тысяч тон. А якія малайцы маладыя рупліўцы жніва! Маладзёжны экіпаж Ігара Васілевіча і Ягора Тарабаша з ААТ «Жарабковічы» першым на Брэстчыне намалаціў дзве тысячы тон збожжа. Упершыню – гэта і пра двухтысячныя намалоты экіпажаў камбайнераў з ААТ «Нача». Вельмі хвалююча было віншаваць хлебаробаў-перадавікоў з такой значнай працоўнай перамогай. Наогул, на гэтым жніве двухтысячнікамі сталі 13 экіпажаў, тысячнікамі – 23. Калі ў наступным годзе ўсё атрымаецца, то экіпажы-трохтысячнікі могуць з’явіцца і ў «Шляху новым», і ў «Жарабковічах».
Адзначу, што ўсе сельгаспрадпрыемствы Ляхавіцкага раёна адказна падышлі да ўборкі збожжавых. Падрыхтоўчыя работы выкананы своечасова, вытрыманы і ўсе тэрміны апрацоўкі. Шкада, надвор’е зноў умяшалася ў планы аграрыяў і ўнесла карэктывы ў ход уборачнай. Спачатку – спякота і холад чаргаваліся вясной, потым летам то пякло, то залівала дажджамі. Гэтыя далёка не аптымальныя для аграрыяў умовы надвор’я асабліва адмоўна паўплывалі на ўраджай пшаніцы і жыта. Калі гаварыць канкрэтна пра лічбы, то сёлетні ўклад ляхавіцкіх хлебаробаў у агульнарэспубліканскі каравай – 70 769 тон збожжа. Сярэдняя ўраджайнасць раённага коласа склала 47,3 цэнтнера з гектара (у 2023 годзе – 45,9 цэнтнера).
Адназначна, у гэтым годзе парадаваў азімы рапс, які пабіў усе рэкорды. 44 цэнтнеры з гектара – сёлетняя ўраджайнасць ляхавіцкіх палеткаў гэтай азімай культуры самая высокая на Брэстчыне. Для параўнання: сярэднеабласны паказчык – 35 цэнтнераў на круг. Летась наш раён меў 30,9 цэнтнера з гектара. А ўраджайнасць у 59,6 цэнтнера з гектара, атрыманая на рапсавых палетках ААТ «Шлях новы», – другая сярод сельгаспрадпрыемстваў вобласці. Усяго крыху саступае ААТ «Крошын» Баранавіцкага раёна.
– А як вы ахарактарызуеце кадравы складнік жніва-2024?
– Працаўнікі залатой нівы, майстры жніва, героі хлебаробскай справы – гэта яны – камбайнеры і вадзіцелі, работнікі зернетакоў і спецыялісты, кіраўнікі сельгасарганізацый, усе, хто
ў адказе за паўнату хлебных засекаў дзяржавы. Менавіта дзякуючы ім у землякоў заўжды будзе хлеб на стале. Як і ў папярэднія сезоны, на дапамогу хлебаробам-прафесіяналам прыходзілі прадстаўнікі іншых і не толькі сельскагаспадарчых прафесій. Так, сёлета часова – на перыяд водпуску на асноўным месцы работы – за штурвалам камбайнаў ці рулём аўтамабіляў, а таксама на зернетаках шчыравалі работнікі лясгаса, устаноў адукацыі, раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Яны працавалі ў СВК «Ляхавіцкі», ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», «Нача», «Ляхавіцкі льнозавод», СУП «Ліпнянка» і іншых. Гэтых людзей таксама будуць ушаноўваць на «Дажынках».
– Зразумела, саліравалі на жніве хлебаробы. Якія службы вы яшчэ б адзначылі?
– Уборка хлеба – справа агульнай важнасці. У тым, што жніво прайшло зладжана, заслуга і інжынерна-тэхнічнай службы гаспадарак. Тэхніка падрыхтавана дастойна. Не было такога, каб камбайн зламаўся і не быў адрамантаваны ў аптымальна кароткія тэрміны. Тычыцца гэта і зернесушыльных комплексаў. Нават у ААТ «Нача», дзе адбылося надзвычайнае здарэнне, комплекс не спыняў работу. Дарэчы, прымаецца рашэнне аб неабходнасці набыцця для гэтага сельгаспрадпрыемства новага сучаснага ЗСК.
Падкрэслю, што на сёлетнім жніве ўсе задзейнічаныя камбайны былі абсталяваны кандыцыянерамі.
Як і належыць, побач з працаўнікамі заўжды прафсаюзы. Так, прадстаўнікі абласной арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК пабывалі на палях арганізацый, знаёміліся з умовамі працы хлебаробаў. На варце і спецыялісты па ахове працы. Сваё важкае слова сказалі і службы тэхнічнай падтрымкі кожнага сельгаспрадпрыемства, якія дзяжурылі пастаянна ў полі, на мехмайстэрнях, былі гатовы спраўляцца з паломкай у любы час сутак. Няспынна неслі дзяжурствы і тыя, хто ў адказе за сістэму пажаратушэння. Значны ўчастак прафілактычных работ ахапілі і супрацоўнікі РАНС. Дзякуючы культработнікам
хоць на некалькі імгненняў гарачыя жніўныя клопаты расквечваліся музычнымі перапынкамі.
Жніво не было б такім паспяховым, каб не смачныя абеды і падвячоркі: двухразовае харчаванне на перыяд уборкі арганізавана ў кожным сельгас-прадпрыемстве.
– Наколькі Ляхавіцкі раён справіўся з выкананнем дзяржзаказу?
– Канешне, гэта вельмі важны справаздачны паказчык дзяржаўнай важнасці. Яго выкананне не абмяркоўваецца. Таму Ляхавіччына ў абавязковым парадку забяспечыць выкананне дзяржзаказу ў 6 050 тон збожжа. На 111 працэнтаў выкананы дзяржзаказ па піваварным ячмені. Больш чым на 100 пра-цэнтаў справіліся з заданнем па рапсе. Завяршаем работы па здачы іншых збожжавых культур.
– Дажынкамі раслінаводчы год не завяршаецца. Раскажыце, калі ласка, пра бліжэйшыя планы…
– Цяпер у сельгасвытворцаў нямала важных і адказных клопатаў. Яшчэ ў разгар жніва пачалася ўборка саломы, якую неабходна ўбраць да 1 верасня. На сёння маем 50 працэнтаў. Акрамя таго, ідзе падрыхтоўка глебы да сяўбы азімага рапсу і непасрэдна сяўба, пад гэту культуру ў раёне адведзена 3 400 гектараў. На парадку дня і ўнясенне ўдабрэнняў. Усе работы накіраваны на атрыманне дастойнага ўраджаю-2025.
Прадоўжыцца і корманарых-тоўчая кампанія. Размова ідзе ў тым ліку і пра каралеву палёў –
кукурузу.
– Васілій Мікалаевіч, вашы пажаданні героям і гасцям «Дажынак-2024»…
– Галоўнае багацце любога рэгіёна – людзі. Ляхавіцкая зямля славіцца шчырымі, плённымі, таленавітымі працаўнікамі. Дзякуючы вам, шаноўныя хлебаробы, мы па праву ганарымся і сёлетнімі здабыткамі: намалотамі, ураджайнасцю, выкананнем дзяржзаказу. За кожнымі вынікамі, кожнай лічбай – нястомная праца, вернасць традыцыям, адданасць нялёгкай сялянскай справе. Дажынкі – свята тых, хто любіць сваю зямлю і ўмее працаваць на ёй старанна і па-гаспадарску. Шчыры дзякуй за добрасумленную працу, высокія паказчыкі і адданасць выбранай прафесіі. Упэўнены, што і ў далейшым вы будзеце мэтанакіравана прымнажаць дасягнутае, працаваць з поўнай аддачай на карысць Ляхавіччыны, Брэстчыны, Беларусі. Шчасця ўсім, дабрабыту, моцнага здароўя і мірнага неба.
Гутарыла Галіна КАНЬКО.