Прафесія мары. На свае першыя працоўныя месцы ў арганізацыі і прадпрыемствы Ляхавіччыны прыбываюць маладыя спецыялісты
На свае першыя працоўныя месцы ў арганізацыі і прадпрыемствы Ляхавіччыны прыбываюць маладыя спецыялісты. Пра медыцынскае папаўненне «Ляхавіцкі веснік» ужо расказваў. Але выпускнікі ВНУ і ССНУ прыйшлі не толькі ва ўстановы аховы здароўя.
На службу заступіць
З 29 ліпеня кадравае папаўненне ў РАУС – у рады калектыву прыняты навабранцы Кірыл Паплаўскі і Аляксандр Дабралёт (на здымку). Абодва – ляхавічане і выпускнікі СШ № 1.
Пра прафесію ў пагонах Кірыл марыў з дзяцінства, таму пасля заканчэння школы не паўстала пытанне, кім быць. Бацькі ведалі, што сын мэтанакіра-вана рыхтаваўся паступаць у Акадэмію МУС. Каб працаваць непасрэдна ў Ляхавічах, з раённага аддзела ўнутраных спраў узяў мэтавае накіраванне. Сёння Кірыл Паплаўскі пасля заканчэння факультэта міліцыі грамадскай бяспекі займае пасаду ўчастковага інспектара. У яго немалая тэрыторыя адказнасці –
ляхавіцкія вуліцы Леніна, Арлоўскага, Юбілейная, Чкалава і іншыя. Але складанасці не палохаюць лейтэнанта міліцыі.
– У акадэміі вельмі грунтоўная тэарэтычная і практычная падрыхтоўка, ды і ў РАУС калектыў такі, што заўсёды можна атрымаць прафесійную параду. За кожным маладым спецыялістам замацаваны настаўнікі з ліку супрацоўнікаў аддзела. У мяне – участковы Максім Бурчыц. Канешне, пакуль рана гаварыць, што ўсё атрымліваецца, але першыя тыдні службы пацвердзілі, што з прафесіяй не памыліўся, – дзеліцца малады спецыяліст.
Ён пачаў ужо знаёмства з насельніцтвам і з прафілактычнай місіяй пабываў у дамах многіх ляхавічан.
Перад прыбыццём у тэрытарыяльныя падраздзяленні з маладым папаўненнем сустрэлася кіраўніцтва УУС Брэсцкага аблвыканкама. Моладзі ва ўрачыстай абстаноўцы ўручылі пасведчанні супрацоўнікаў міліцыі, пажадалі стаць сапраўднымі прафесіяналамі.
«Служым Закону, Народу, Айчыне!» – дэвіз органаў унутраных спраў Рэспублікі Беларусь блізкі і для Аляксандра Дабралёта. Ён пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі прайшоў навучанне ў цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў МУС Рэспублікі Беларусь. Зараз Аляксандр – міліцыянер-дзяжурны ІЧУ, за першыя дні службы паспеў падзяжурыць і ў аздараўленчым лагеры «Чайка». Адзначае, што свой прафесійны наказ яму даў начальнік РАУС Дзяніс Майсеня,
а яго настаўнік з ліку калег вадзіцель ІЧУ Валерый Пракап’юк расказаў пра ўсе нюансы службовай дзейнасці і адказнасць, якая кладзецца на супрацоўніка праваахоўных органаў.
– Мы заўсёды рады маладым спецыялістам, асабліва землякам. Наладжана сістэмная работа па падрыхтоўцы і накіраванні выпускнікоў школ ва ўстановы адукацыі сістэмы МУС. Каб стаць міліцыянерам, можна таксама прайсці пачатковую падрыхтоўку ў адпаведным цэнтры МУС. Адзначу, што выпускнікі школ Ляхавіччыны штогод паступаюць у Акадэмію МУС. Праходзяць перападрыхтоўку і тыя, хто вярнуўся з арміі ці вырашыў змяніць сваю прафесію, – падкрэслівае намеснік начальніка РАУС Мікалай Смаршчок.
Прыйшлі ў школу
Сёлета ва ўстановы адукацыі раёна чакаецца прыход пяці маладых спецыялістаў, сярод іх тры педагогі.
У Міланы Канановіч, якая скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, першым рабочым месцам стане яе родная Тухавіцкая школа. Менавіта там яна будзе весці ўрокі геаграфіі. Сумежная спецыяльнасць у яе – турызм. Таму яе маладзёжны запал можа быць задзейнічаны і ў турысцка-паходным напрамку дзейнасці. Дзеліцца, што з дзяцінства марыла стаць настаўнікам. Калі ж праходзіла практыку ў сталічнай школе, пераканалася, што праца з дзецьмі –
яе прызванне.
Ляхавічанка Ангеліна Трыбух пасля атрымання дыплома Мінскага дзяржаўнага індустрыяльна-педагагічнага каледжа па спецыяльнасці «тэхнічная праца і чарчэнне» стане часткай калектыву Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча і будзе вучыць хлопчыкаў тэхнічнай працы.
У дзіцячым садзе № 2 прыступіла да работы кіраўнік па фізічным выхаванні Дзіна Лойка – дыпламаваны настаўнік пачатковых класаў з сумежнай спецыялізацыяй «фізічная культура». Дзве выпускніцы Новамышскага дзяржаўнага аграрнага каледжа з атрыманай спецыяльнасцю «вытворчасць мясных прадуктаў, грамадскае харчаванне» з 1 жніўня працуюць поварамі ў гімназіі і Ліпскай СШ.
Галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі райвыканкама Таццяна Зубік пералічвае бонусы, на якія могуць разлічваць маладыя спецыялісты-педагогі. Сярод іх – права на першачарговае атрыманне арэнднага жылля, дадатковы дзень да водпуску. На ўвесь перыяд «маладога» статусу ўстаноўлены максімальныя надбаўкі па кантракце, якія ў суме дасягаюць 50 працэнтаў ад акладу. У калектыўным дагаворы кожнай установы адукацыі раёна замацаваны нормы, накі-раваныя на паляпшэнне матэрыяльнага становішча маладых спецыялістаў. Напрыклад, грашовая дапамога на наём жылля не з’яўляецца абавязковай выплатай. Маладыя спецыялісты таксама маюць права на атрыманне льготнага крэдыту на набыццё спажывецкіх тавараў беларус-кай вытворчасці.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.