Пашпарт гатоўнасці атрымалі. Не ўсе… Гатоўнасць да ацяпляльнага перыяду 2024/2025 гадоў – тэма апаратнай нарады ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама
Сёлетні жнівень, як і папярэднія месяцы лета, спякотны. Прычым горача не толькі на вуліцы, але і ў дамах, кватэрах, адміністрацыйных будынках. Але яшчэ месяц ці крыху больш – і сітуацыя істотна памяняецца. І ўжо будзем усё часцей дакранацца да батарэй, каб, у рэшце рэшт, адчуць іх цеплыню. Гатоўнасць да ацяпляльнага перыяду 2024/2025 гадоў, рэгістрацыя пашпартоў гатоўнасці спажыўцоў і цеплакрыніц – тэма чарговай апаратнай нарады ў старшыні райвыканкама.
Кіраўнік раёна Мікалай Мароз нагадаў, што, як толькі завяршыўся мінулы ацяп-ляльны сезон, усе арганізацыі і прадпрыемствы павінны былі прыступіць да падрыхтоўкі да чарговага ацяпляльнага сезона. Каб, як і належыць, да 1 верасня аформіць пашпарты гатоўнасці да работы ў асенне-зімовы перыяд. Ці ўсе справіліся з пастаўленай задачай? Адказ на гэтае пытанне ў сваім выступленні дала начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская. Адзначана, што для арганізацыі рытмічнай работы па падпісанні пашпартоў гатоўнасці і кантролю за яе правядзеннем энергагазінспекцыяй яшчэ ў красавіку распрацаваны і зацверджаны старшынёй райвыканкама графік падрыхтоўкі юрыдычных асоб да ацяпляльнага перыяду. У ім – 40 цеплакрыніц і 95 рэгіянальных спажыўцоў. Двойчы ўказаныя прадпрыемствы і арганізацыі атрымлівалі інфармацыйныя пісьмы аб неабходнасці абавязковага захавання графіка рэгістрацыі пашпартоў гатоўнасці. Пытанне знаходзіцца на пастаянным кантролі ў аддзеле архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама. Сумесна з энергагазінспекцыяй вядзецца штодзённы маніторынг падачы дакументаў і падпісання пашпартоў гатоўнасці.
Марына Завадская паведаміла, што па стане на 16 жніўня ў энергагазінспекцыі зарэгістравана 19 пашпартоў гатоўнасці цеплакрыніц і 75 – спажыўцоў, тры – жыллёва-будаўнічых спажывецкіх кааператываў.
Праблемным, па словах Марыны Завадскай, застаецца падпісанне пашпартоў гатоўнасці менавіта цеплакрыніц – 47,5 працэнта да
неабходнага. А да кантрольнай даты засталося зусім мала часу. Прычым з 40 цеплакрыніц 25 знаходзяцца на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». І пакуль з іх пашпарты гатоўнасці падпісаны толькі ў васьмі.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз падкрэсліў, што камунгасу
неабходна істотна ўзмацніць тэмпы падрыхтоўчых работ да ацяпляльнага сезона, але пры хуткасці не забываць пра якасць, тым больш у Год якасці.
Марына Завадская нагадала, што кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў нясуць персанальную адказнасць за рэгістрацыю пашпартоў гатоўнасці. У энергагазінспекцыю падаецца пакет дакументаў для далейшай праверкі аб’екта і падпісання пашпарта. Яшчэ маюць месца выпадкі падачы няпоўнага пакета дакументаў, недааформленых дакументаў. Кіраўнікам неабходна ўзмацніць кантроль за пытаннямі падрыхтоўкі аб’ектаў да ацяпляльнага перыяду і своечасовым падпісаннем пашпартоў гатоўнасці.
Галіна КАНЬКО.