Асаблівы погляд на жыццё. Стагоддзе стварэння грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку» у Ляхавічах

Святочныя ўрачыстасці, прымеркаваныя да стогадовага юбілею стварэння грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку», прайшлі ў мінулую пятніцу ў Ляхавічах у дзіцячай школе мастацтваў.

Сёння аб’яднанне налічвае ў сваіх радах звыш 9 000 чалавек, 80 з іх жывуць на Ляхавіччыне. У іх ліку людзі са стратай зроку рознай ступені, а таксама тыя неабыякавыя грама-дзяне, хто прымае актыўны ўдзел у дзейнасці грамадскага аб’яднання. Усяго ж у Ляхавіцкім раёне пражывае 177 інвалідаў па зроку І, ІІ, ІІІ групы інваліднасці.
БелТІЗ бярэ свой пачатак з 23 лістапада 1924 года, калі было створана першае таварыства сляпых. Таму 2024 год у нашай краіне праходзіць пад эгідай векавога юбілею арганізацыі. На свяце вядучая расказала пра найбольш важныя і запамінальныя этапы з жыцця арганізацыі.
На святкаванні ў Ляхавічах было нямала гасцей, сярод якіх намеснік старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі інвалідаў па зроку
Андрэй Лявіцкі.


– У нашым актыве нямала неабыякавых. Любоў да людзей, імкненне дапамагчы іншым грама-дзянам з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, жаданне жыць, вучыцца, працаваць, вандраваць, з цікавасцю праводзіць вольны час, займацца любімай справай, адчуваць сябе патрэбнымі, мець надзейных сяброў – усё гэта пра тых, хто ўваходзіць у арганізацыю. І ў гэтай зале сабраліся людзі з добрымі сэрцамі. Жадаю, каб у іх жыцці было многа радасці і шчасця, каб здароўе не падводзіла, каб на душы было спакойна і, галоўнае, каб быў мір, – адзначыў Андрэй Лявіцкі.

Ён уручыў граматы і падарункі старэйшаму члену БелТІЗ Сцяпану Юруцю і колішняму старшыні раённай арганізацыі БелТІЗ Ірыне Пішч.


Галоўная задача БелТІЗ нязменна на працягу дзесяцігоддзяў –
захаванне належнага ўзроўню жыцця і працы інвалідаў па зроку. Арганізацыя аб’ядноўвае ў сваіх радах тысячы людзей, якія не апускаюць рукі з-за свайго дыягназу па здароўі, а ўсім сэрцам жадаюць дапамагаць і сабе, і іншым, адчуваць радасць жыцця,
расказваць, як прынесці карысць іншым.
– Мы аб’ядналіся разам не толькі таму, што ў кожнага з нас ёсць пэўныя праблемы са зрокам. Нас згуртавала нешта большае. Гэта і жаданне не існаваць, а жыць паўнапраўна, дапамагаць адзін аднаму, ладзіць сумесны вольны час, шукаць нешта цікавае ў буднях, не закрывацца ў сабе, –
гаворыць прадстаўнік Брэсцкай абласной арганізацыі па Ляхавіцкім раёне Зоя Хмарык, якая на працягу больш чым 15 гадоў узначальвала раённую арганізацыю таварыства, а цяпер з’яўляецца яе прадстаўніком у абласным аб’яднанні. Дарэчы, менавіта тады раённая арганізацыя БелТІЗ істотна вырасла і налічвала 230 чалавек. Зоя Хмарык прыгадала, колькі цікавых мерапрыемстваў, сустрэч, спартыўных спаборніцтваў, экскурсій па гістарычных мясцінах было арганізавана разам. Яны сталі адной дружнай камандай. З удзячнасцю гучалі ўспаміны, як многія пачынанні падтрымлівалі і дапамагалі рэалізоўваць, у тым ліку і фінансава, райвыканкам і розныя арганізацыі, прадпрыемствы, спонсарскую дапамогу аказвалі прадпрымальнікі і грамадскія арганізацыі, землякі –
шчырыя і нераўнадушныя людзі.
Нямала цёплых і шчырых слоў у адрас членаў таварыства сказалі начальнік ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык, намеснік старшыні
РА ГА «Белая Русь» Вольга Богдан.
Граматы, падзячныя пісьмы, падарункі былі ўручаны тым, хто ўнёс значны ўклад у развіццё арганізацыі, актыўным і неабыякавым людзям, якія, клапаціліся пра культурны, спартыўны адпачынак членаў таварыства.
Святочны настрой дарылі госці з Баранавічаў – вакальная група «Світанак», а таксама творчыя землякі.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.