Несанкцыянаваны сметнік у Ляхавічах. Хто насмеціў, а хто прыбірае?

Неабыякавыя землякі ў інтэрнэце падзяліліся чарговым фота нядбайнасці і негаспадарскіх адносін да навакольнага асяроддзя. Абураныя грамадзяне напісалі: “Шкада людзей, якія наводзяць чысціню ў горадзе… А гаспадары гэтага смецця павінны быць пакараны”.

Размова ідзе пра смецце (выкарыстанныя скрыні-кантэйнеры, касавыя чэкі, разнастайная ўпакоўка і іншае), выкінутае каля трубаправода за магазінам “Разумны выбар”.

Па фактах публікацыі ў сітуацыі адразу пачалі разбірацца спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.

– Пасля прад’яўлення прэтэнзій несанкцыянаваны сметнік ліквідаваны работнікамі магазіна “Разумны выбар”, фотапацвярджэнне было даслана ў райінспекцыю. Па факце засмечвання праводзіцца далейшае разбіральніцтва, – адзначыла начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская.

#АНАТОМИЯПРОБЛЕМЫ