«Дарога да святынь» зноў пройдзе праз Ляхавічы

Сёлета 28 жніўня ў Мінску ад Свята-Духаўскага кафедральнага сабора стартуе ХХХІ навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святынь» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга. Гэта ўжо адна з неад’емных традыцый Дня беларускага пісьменства, які адзначаецца ў першую нядзелю верасня. Як заўжды, у складзе экспедыцыі будуць вядомыя пісьменнікі, дзеячы навукі і культуры, прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, духавенства. Фінальнай кропкай на маршруце стане сёлетняя сталіца Дня беларускага пісьменства – горад Івацэвічы, куды экспедыцыя прыбудзе 1 верасня.

Разам з удзельнікамі ў духоўна-асветніцкае шэсце адправяцца святыні, якія ўжо сталі сімваламі экспедыцыі: лампада з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга і цудатворнай Загор’е-Сталовіцкай іконай Прасвятой Багародзіцы. Абраз быў знойдзены ў 1983 годзе – трапіў у коўш экскаватара пры будаўніцтве дарогі. З 2 000 года абраз штогод суправаджае «Дарогу да святынь». Удзельнікі экспедыцыі сустрэнуцца з жыхарамі, прыхаджанамі храмаў і насельнікамі манастыроў.


Сёлета паломніцкі маршрут экспедыцыі пройдзе праз шэраг раёнаў Мінскай і Брэсцкай абласцей. На Ляхавіччыне экспедыцыю будзем сустракаць у сераду 28 жніўня.
Папярэдне 20 жніўня для прапрацоўкі маршруту ў Ляхавічы завітала рабочая група, якую ўзначальвае пісьменнік Аляксандр Лапата-Загорскі.
На нарадзе ў райвыканкаме сабраліся кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі грамадства, свяшчэннаслужыцелі. Аляксандр Лапата-Загорскі расказаў пра асноўную мэту экспедыцыі, якая носіць духоўны і асветніцкі сэнс.
– Задача экспедыцыі нязменная: дазволіць раёнам, якія аддалены ад сталіцы Дня пісьменства на дзясяткі і сотні кіламетраў, адчуць атмасферу, якая будзе панаваць на свяце, – адзначыў Аляксандр Лапата-Загорскі.
Журналіст, фотамастак Аляксандр Лабада прадэманстраваў фотаілюстрацыі літа-ральна ўсіх 30 экспедыцый. Дарэчы, у 1996 і 2004 гадах «Дарога да святынь» праходзіла праз Ляхавіцкі раён. Як адзначыў благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі протаіерэй Георгій Жытко, для нашага раёна такія падзеі сталі запамінальнымі, у іх прынялі ўдзел тысячы жыхароў Ляхавіччыны.
Протаіерэй, настаяцель храма, галоўны захавальнік Жыватворнага агню ад Гроба Гасподняга на маршруце айцец Аляксандр Пачопка спыніўся на гістарычных этапах правядзення экспедыцыі. Таксама размова ішла пра крэсны ход, богаслужэнне, падчас якога будзе раздавацца Жыватворны агонь, пасадку Саду малітвы і іншыя моманты мерапрыемства.
Зацікаўлена прайшлі духоўна-асветніцкія канферэнцыі ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы, дзе сабраліся прадстаўнікі працоўных калектываў, наведвальнікі аддзяленняў ТЦСАН.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.