Шляхам слова і веры. Традыцыйна ў першую нядзелю верасня ў нашай краіне адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Сёлета гэта і ўвогуле свята «ў квадраце» – 1 верасня адзначаецца і Дзень ведаў.

Традыцыйна ў першую нядзелю верасня ў нашай краіне
адзначаецца Дзень беларускага пісьменства. Сёлета
гэта і ўвогуле свята «ў квадраце» – 1 верасня адзначаецца і Дзень ведаў. Са святамі, землякі!

Гэтымі днямі ў сёлетняй сталіцы Дня беларускага пісьменства Івацэвічах асабліва мнагалюдна і кніжна. А Ляхавіччына і ляхавічане аднымі з першых паспелі ўжо датыкнуцца да цудоўнай атмасферы свята. 28 жніўня, калі праваслаўныя вернікі адзначаюць адно з вялікіх двунадзясятых святаў – Успенне Прасвятой Багародзіцы, праз наш раён праходзіла ХХХІ навукова-асветніцкая экспедыцыя «Дарога да святынь» з Жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга і цудатворнай Загор’е-Сталовіцкай іконай Прасвятой Багародзіцы.

Як і 20 гадоў назад, жыхары нашага раёна зноў мелі ўнікальную магчымасць датыкнуцца да праваслаўных святынь і стаць удзельнікамі святочных мерапрыемстваў.
Экспедыцыя на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў з’яўляецца нязменным атрыбутам Дня беларускага пісьменства, якое прыпадае на першую нядзелю верасня. За 31-гадовы духоўна-асветніцкі шлях паломнікі прайшлі сотні вёсак і гарадоў, тысячы кіламетраў, правялі мноства сус-трэч і акцый. Сёлета маршрут экспедыцыі склаў 777 кіламетраў і праходзіў праз сем раёнаў. Кожны год экспедыцыя разам з традыцыйнымі атрыбутамі мае сваю адметнасць, свой каларыт. Так, на Ляхавіччыне ў мінулую сераду з удзелам грамадскасці і прадстаўнікоў працоўных калектываў адбыўся патрыятычны аўтапрабег «Мы гэтай памяці верныя». Удзельнікі аўтапрабегу ўшанавалі памяць герояў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, наведалі брацкія магілы ў аграгарадках Падлессе, Навасёлкі і Дарава. Былі ўскладзены кветкі ад удзячных нашчадкаў, а таксама з кожнай магілы ўзята зямля, якая потым будзе падсыпана ў закладзены Сад малітвы ў Івацэвічах.


Цёпла, шчыра сустракалі ўдзельнікаў экспедыцыі «Дарога да святынь» на мяжы Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў – у аграгарадку Дарава на пляцоўцы каля брацкай магілы.Удзельнікаў экспедыцыі з пажаданнямі плённай работы ў тым ліку на гасціннай ляхавіцкай зямлі вітаў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз.
З Дарава «Дарога да святынь», якую ўзначальвае пісьменнік, навуковец Аляксандр Лапата-Загорскі, адправілася ў Ляхавічы ў Святакрыжаўзвіжанскую царкву. Храм сустрэў гасцей урачыс-тым гукам званоў. Протаіерэй Георгій Жытко і іншыя прадстаўнікі духавенства адслужылі малебен.

А протаіерэй Аляксандр Пачопка зачытаў прывітальны адрас Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Веніяміна. Вось ужо 31 год, як працяглы шлях удзельнікаў экспедыцыі па населеных пунктах краіны асвятляе Жыватворны агонь ад Гроба Гасподняга, дастаўлены з Іерусаліма. Лампаду разам з верай беларусы беражліва праносяць са Свята-Духаўскага кафедральнага сабора да сталіцы Дня беларускага пісьменства. І ў кожным месцы прыпынку экспедыцыі агонь перадаецца людзям, каб кожны змог адчуць цяпло і подых свяшчэннага Агню. Вось і ў Ляхавічах землякі дамоў вярталіся з лампадкамі, запаленымі ад Жыватворнага агню ад Гроба Гасподняга, які стварае цуд.

Як і ў іншых гарадах, праз якія трымала шлях экспедыцыя, у Ляхавічах былі пасаджаны дрэвы сімвалічнага Саду малітвы: 10 маладзенькіх туяў пасадзілі ўдзельнікі экспедыцыі і ляхавічане.
Па вуліцах Арлоўскага і Леніна прайшоў хрэсны ход на чале з галоўным захавальнікам Жыватворнага агню протаіерэем Аляксандрам Пачопкам. На рыначнай плошчы таксама прайшоў малебен, кожны жадаючы змог датыкнуцца да цудатворнай Загор’е-Сталовіцкай іконы Прасвятой Багародзіцы і папрасіць у яе дапамогі. А потым урачыстасці прадоўжыліся канцэртам артыстаў мастацкай самадзейнасці Ляхавіччыны і ўдзельнікаў экспедыцыі.
Не толькі рэлігійныя матывы ляжаць у аснове «Дарогі да святынь». Удзельнікі экспедыцыі з інтарэсам і задавальненнем сустракаюцца з працоўнымі калектывамі, школьнікамі, моладдзю. Духоўна-асветніцкія размовы вядуцца на самыя розныя тэмы, якія тычацца мірнага суіснавання, адукацыі і асветы, развіцця грамадства і культуры, выхавання і шмат чаго іншага, што цікава кожнаму грамадзяніну. Такія сустрэчы адбыліся ў райбальніцы, лясгасе, раёне газазабеспячэння, РАНС, на кансервавым заводзе, у аграрным каледжы, СШ № 1 і № 2, раённым рэсурсным цэнтры па духоўным выхаванні Дараўскай СШ.


Экспедыцыя таксама пабывала ў аграгарадку Жарабковічы. Да хрэснага ходу ўдзельнікаў экспедыцыі далучыліся навучэнцы «Школы міру» мясцовай СШ, аграгараджане і жыхары бліжэйшых вёсак. Хрэсны ход прайшоў па вуліцы Савецкай аграгарадка да паклоннага крыжа. Разам маліліся за лепшае, за адзінства, за веру, за мір, за спакой і лад.
Далей шлях экспедыцыі ляжаў праз іншыя населеныя пункты ў сталіцу свята Івацэвічы.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.