Свята ў квадраце. Агульны фонд Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы налічвае 248 тысяч экзэмпляраў розных відаў выданняў

Мы, бібліятэкары, хоць і маем сваё прафесійнае свята, якое таксама адзначаецца ў верасні, але гэтыя дзве даты лічым таксама «сваімі»: немагчыма назапашваць, захоўваць і перадаваць веды без пісьменства, а пісьменства – гэта кнігі. Таму ўпэўнена можна сказаць, што бібліятэкі – гэта скарбніца ведаў і пісьменства.

З-пад станкоў беларускіх друкарні ў 2023 годзе было выпушчана 7,8 тысячы найменняў кніг (у колькасці 19,7 мільёна экзэмпляраў). У краіне налічваецца 573 выдавецкія арганізацыі, 216 паліграфічных вытворчасцяў і больш за 2100 распаўсюджвальнікаў друкаваных выданняў.
Агульны фонд Ляхавіцкай раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы налічвае 248 тысяч экзэмпляраў розных відаў выданняў. Чытачам, якія аддаюць перавагу электронным выданням, бібліятэка з 2020 года прадастаўляе доступ да электроннай бібліятэкі «ЛітРэс»: мы маем больш за 700 электронных (у тым ліку аўдыя-) кніг на гэтай платформе, і гэта лічба ўвесь час расце, а сам фонд ствараецца толькі па чытацкім запытах. Дзейнічае таксама публічны цэнтр прававой інфармацыі, праз які можна атрымаць свабодны доступ да штодзённа абнаўляемай прававой інфармацыйна-пошукавай сістэмы «ЭТАЛОН» і юрыдычнай літаратуры.
Бібліятэкі заўсёды маюць шырокі доступ да многіх крыніц інфармацыі. Веданне і ўменне імі скарыстацца дазваляе бібліятэкам ствараць для сваіх чытачоў уласныя якасна новыя тэматычныя інфармацыйныя рэсурсы. Рэгіянальныя бібліятэкі ў гэтым накірунку аддаюць перавагу краязнаўству, з’яўляюцца цікавыя тэматычныя базы даных і іншыя прадукты, якія датычацца той ці іншай сферы жыцця рэгіёна, яго гісторыі, культуры і традыцый. Апрацоўка друкаваных крыніц, сістэматызацыя інфармацыі, яе афармленне і зручная падача – праца бібліятэчных работнікаў.
Дзень беларускага пісьменства – гэта свята ўсіх тых, хто суправаджае кнігу на ўсіх яе жыццёвых цыклах: пісьменнікаў, выдаўцоў, паліграфістаў, бібліятэкараў, настаўнікаў і, канешне, чытачоў. Гэта добрая традыцыя, якая ўжо 30 гадоў дае магчымасць усім зацікаўленым акунуцца ў свет кнігі і кнігадрукавання, пазнаёміцца з навінкамі беларускай літаратуры і пісьменнікамі, далучыцца да вывучэння гісторыі і традыцый рэгіёнаў Беларусі.
Сёлета свята праходзіць на Брэстчыне, яго сталіца – Івацэвічы. Тэмы, да якіх звярнуліся арганізатары, – 80-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 30-годдзе інстытута прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь, 30-годдзе прыняцця Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Год якасці, юбілеі класікаў беларускай літаратуры. Двухдзённае свята абяцае быць маштабным і цікавым.
Супрацоўнікі Ляхавіцкай раённай бібліятэчнай сістэмы імкнуцца штогод наведваць сталіцы Дня беларускага пісьменства – гэта заўсёды шмат уражанняў, ідэй і знаёмстваў.
Спадзяемся, аднойчы і родныя Ляхавічы прымуць пераходны вымпел і будуць сустракаць гасцей, бо нам сапраўды ёсць, чым ганарыцца і што расказаць: тут нарадзіўся Фёдар Еўлашоўскі – першы беларускі мемуарыст, на словы нашага земляка Леаніда Пранчака ўжо даўно спяваюць песні сучасныя беларускія артысты, а творы Алеся Бадака ўключаны ў школьную праграму, і гэта далёка не ўсе імёны. Ну а пакуль працягваем знаёміцца з літаратурнай спадчынай нашай краіны і раім усім далучыцца да вывучэння найбагацейшай культурнай спадчыны нашай краіны і традыцый кнігадрукавання.

Лізавета МАЦУЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу
і сацыякультурнай дзейнасці Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я.Купалы