Ляхавічане адкрылі для сябе «Культурны код»

●У краіне ідзе прэм’ерны паказ маладзёжнага мастацка-дакументальнага фільма «Культурны код».

Анансуючы сваю новую работу, рэжысёр стужкі Кірыл Халецкі адзначыў, што кожны глядач знойдзе адказ на пытанне, у чым жа ўсё-такі заключаецца культурны код Беларусі. Дарэчы, фільм падыходзіць да ўзроставай катэгорыі прагляду ад шасці гадоў, што дазволіць нават першакласнікам акунуцца ў гісторыю і зразумець значэнне сімвалаў дзяржавы.
У мінулы чацвер прэм’еру пачалі дэманстраваць і ў ляхавіцкім кінатэатры «Кастрычнік».
– Фільм у «Кастрычніку» можна паглядзець па 19 верасня, а да 25 верасня прэм’еру змогуць убачыць і жыхары раёна – з дапамогай перасоўнага відэапраекцыйнага комплексу пройдуць кінасеансы ў аграгарадках і вёсках. Раю фільм, які, дарэчы, доўжыцца 35 мінут, і для сямейнага прагляду. У фае кінатэатра арганізавана тэматычная выстава аб дзяржаўных сімвалах Беларусі, а ў першы дзень прагляду вялася трансляцыя прывітання акцёраў «Культурнага кода». Да месца і перадсеансавыя выступленні самадзейных артыстаў, – адзначае дырэктар КУКП «Ляхавіцкая раённая кінавідэасетка» Дар’я Марозава.
У Ляхавічах першымі гледачамі прэм’ернага паказу сталі навучэнцы і педагогі СШ № 1. Вось уражанні некаторых з іх.

Іван ШПАК,
кіраўнік па ваенна-патрыятычным
выхаванні СШ № 1:

– Фільм спадабаўся адназначна – яскравы, пазнавальны, ад яго атрымліваеш асалоду. Асабліва актуальным лічу яго для падлеткаў, моладзі. Падзеі развіваюцца дынамічна, ідзе хуткая змена кадраў, глядзіцца на адным дыханні. Даступнай для любога ўзросту мовай расказваецца, з чаго пачынаецца Радзіма. Падчас усяго паказу
не стамляўся ганарыцца нашай Беларуссю, культурнымі каштоўнас-цямі краіны. Лічу, неабходна больш актыўна прапагандаваць культурныя каштоўнасці нашай Радзімы. Дарэчы, педагогі могуць выкарыстоўваць фільм на пазакласных мерапрыемствах.

Ясенія ДАВЫДОЎСКАЯ,
вучаніца 10 «А» класа СШ № 1:

– Засталася пад уражаннем ад прагляду фільма і раю абавязкова яго паглядзець. Успрымаецца фільм лёгка, хоць і ўздымаецца сур’ёзная і важная тэма – тэма дзяржаўных сімвалаў Беларусі. Такія прыгожыя кадры – Мінска, іншых куточкаў Беларусі. Мяне ўразілі кад-ры святкавання Дня Перамогі. Такія фільмы вучаць любіць Радзіму, шанаваць традыцыі нашага народа, шанаваць дзяржаўныя сімвалы.
Галіна КАНЬКО.