МАЗ з гісторыяй. Работнікі ляхавіцкага аўтацэнтра «Вікторыя» ператварылі рарытэтны МАЗ-205 выпуску 1947 года ў дзеючую актыўную адзінку транспарту

●Сёлета прыватнае сэрвіснае ўнітарнае прадпрыемства «Аўтацэнтр «Вікторыя» адзначыла 20-годдзе. І вось ужо без малога два дзесяцігоддзі, як аўтацэнтр у Ляхавічах – афіцыйны сэрвісны партнёр Мінскага аўтамабільнага завода, займаецца гарантыйным і паслягарантыйным рамонтам МАЗаў, абслугоўваннем аўтамабіляў гэтай маркі.

– Канешне, мы не маглі пакінуць без увагі значную падзею для нашага партнёра. 9 жніўня Мінскі аўтамабільны завод адзначыў 80-годдзе свайго існавання. Доўга думалі, які падарунак зрабіць. І вырашылі, што гэта будзе аўтамабіль, але не зусім звычайны – рарытэтны, МАЗ-205 выпуску 1947 года. Гэты самазвальны грузавік Мінскі аўтазавод выпускаў на працягу 18 гадоў. За такі час з канвеера сышло больш за 160 тысяч адзінак такой тэхнікі. МАЗ-205 па праву лічыцца самым папулярным самазвалам у 50–60-я гады мінулага стагоддзя, акрамя рэспублік СССР, пастаўляўся яшчэ ў больш чым чатыры дзясяткі краін свету, – расказвае заснавальнік і дырэктар «Вікторыі» Віктар Шчука.


Будучы ўдзельнік парада МАЗаўскай тэхнікі да свайго зорнага часу каля 20 гадоў прастаяў на пастаменце ў «Вікторыі». І за
35 дзён работнікі ляхавіцкага аўтацэнтра ператварылі экспанат у дзеючую актыўную адзінку транспарту. Цяпер у самазвала з 77-гадовай гісторыяй новыя кузаў, матор, кабіна і іншыя дэталі і складнікі.
Віктар Шчука не хавае хвалявання, калі расказвае, што рарытэтны МАЗ-205 прыняў удзел у маштабным і відовішчным парадзе рэтра- і сучаснай тэхнікі:
– Па Мінску праехаўся сапраўдны музей на колах. Гледачы не хавалі эмоцый, бо калі яшчэ можна было ўбачыць унікальныя ўзоры тэхнікі. І надзвычай прыемна было бачыць сярод іх і МАЗ, што з розных дэталяў, вінцікаў, запчас-так уручную складзены ў нашым аўтацэнтры. Наш МАЗ не згубіўся – сярод рэтрааўтамабіляў, навінак беларускага аўтагіганта – крутых турыстычных лайнераў, спартыўных грузавікоў, дарэчы, адзін з якіх фінішаваў сярод пераможцаў і прызёраў міжнароднага ралі «Дакар» і «Шаўковы шлях». МАЗ, рэканструяваны ў «Вікторыі», узначаліў святочную калону аўтарарытэтаў!


Ганаровага права быць за рулём атамабіля-легенды ўдастоіўся адзін са зборшчыкаў – інжынер аўтацэнтра «Вікторыя» Аляксандр Швайко.
Пасля парада ў Мінску МАЗ вярнуўся ў родны аўтацэнтр і папоўніў мясцовы музей – рэтракалекцыю Віктара Шчукі, якая зараз будуецца і налічвае ўжо больш за дзве сотні экспанатаў, сабраных Віктарам Шчукам і яго камандай спецыялістаў за ўсю гісторыю існавання «Вікторыі». Але там ён затрымаецца не надоўга, бо становіцца надзвычай папулярным. Рарытэтны МАЗ-205 у якасці госця запрасілі на абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2024», які пройдзе у Мікашэвічах Лунінецкага раёна.